Беларуская Служба

Беларускія стартапы пераязджаюць у Польшчу

21.10.2020 11:03
Poland. Business Harbour - дзяржаўны праект дапамогі прадпрымальнікам з Беларусі ў сітуацыі цяперашняга палітычнага крызісу.
Праца ў офісеFree-Photos/pixabay.com/CC0 Public Domain

Польскае агенцтва па інвестыцыях і гандлі абслугоўвае 23 беларускія кампаніі, Startup Hub Poland ужо адабраў 6 праектаў, а амаль тысяча чалавек атрымалі візы - гэта наступствы праграмы падтрымкі ўсходніх суседзяў, паведамляе Puls Biznesu.

Газета нагадвае, што з 9 верасня ў Польшчы дзейнічае Poland. Business Harbour - дзяржаўны праект дапамогі прадпрымальнікам з Беларусі ў сітуацыі цяперашняга палітычнага крызісу ў гэтай краіне.

Ініцыятарам праграмы выступіла Міністэрства развіцця (пасля рэканструкцыі ўраду таксама працы і тэхналогіі). Праграмай кіруе Польскае агенцтва па інвестыцыях і гандлі (PAIH). Партнёры – гэта GovTech Polska, Польскае агенцтва па развіцці прадпрымальніцтва і фонд Startup Hub Poland.

„Да гэтага часу Польскае агенцтва па інвестыцыях і гандлі атрымала прыблізна 900 заявак і пытанняў па электроннай пошце і прыблізна 700 тэлефонных запытаў. Мы каардынуем працэс і размяркоўваем праекты: спецыялісты і стартапы накіроўваюцца да партнёраў праграмы, у тым ліку Startup Hub і GovTech”, - паясніла ў размове з газетай Катажына Едлінская(Katarzyna Jedlińska) з Польскага агенцтва па інвестыцыях і гандлі.

Буйнымі праектамі, звязанымі з перанясеннем дзейнасці ў Польшчу, займаецца агенцтва па інвестыцыях. „На дадзены момант мы займаемся справамі 23 кампаніяў, у тым ліку 16 з галіны ІТ. Астатнія кампаніі прадстаўляюць харчовую, мэблевую галіны і сферы паслуг”, - дадае Едліньска.

Паводле газеты Puls Biznesu, у Польшчу пераязджаюць некалькі беларускіх стартапаў. „Задача фонду Startup Hub Poland - падтрымка 20 найлепшых беларускіх стартап-камандаў з найбольшым інавацыйным патэнцыялам. Зацікаўленыя кампаніі ўжо месяц могуць падаць заяўкі на старонцы праекта Poland. Business Harbor.

На сённяшні дзень гэта зрабілі 67 стартапаў. Шэсць з рэкамендаваных намі праектаў атрымаюць падтрымку на месцы ў памеры да 5 тысяч злотых. Дзве каманды ўжо знаходзяцца ў Польшчы, яшчэ чатыры пераязджаюць”, - кажа старшыня Startup Hub Poland Мацей Садоўскі(Maciej Sadowski).

аз