Беларуская Служба

У Польшчы падскочылі цэны на новыя аўтамабілі

27.10.2020 14:13
Сёлета ў верасні сярэдняя цана новага аўтамабіля ў Польшчы складала 122 тысячы злотых (27 тысяч еўра) і гэта на 11% вышэй, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
zdj. ilustracyjne
zdj. ilustracyjneP. Kuniszewicz/Polskie Radio

Так вынікае з даследавання першаснага рынку аўтамабіляў, праведзенага Інстытутам SAMAR. Сёлета ў верасні сярэдняя цана новага аўтамабіля ў Польшчы складала 122 тысячы злотых (27 тысяч еўра) і гэта на 11% вышэй, чым за аналагічны перыяд мінулага года, пішуць на партале interia.pl. Залішне казаць, што за ростам коштаў на аўтамабілі, на жаль, не паспяваюць польскія заробкі. Яшчэ ў студзені на куплю новага аўтамабіля сярэднестатыстычны паляк павінен быў адкладаць амаль 31 месяц, а зараз ужо 32. Гэта два гады і восем месяцаў працы.

Адкуль у Польшчы ўзялася трывожная двухзначная тэндэнцыя росту коштаў на новыя аўтамабілі? Прасцей кажучы – віной усяму пандэмія каранавіруса, якая супала з прыняццем Еўрапейскім Звязам законаў, накіраваных на абмежаванне выкідаў выхлапных газаў. У выніку, каб адпавядаць новым нормам, вытворцы вымушаныя былі ўвесці на рынак новыя тэхналогіі (напрыклад, фільтры цвёрдых часціц у бензінавых рухавіках) і правесці стараннае амаладжэнне мадэльнага раду (раптоўная павялічылася колькасць рознага роду гібрыдных прывадаў). Іх распрацоўка патрабавала канкрэтных фінансавых выдаткаў, што лёгка пераводзілася ў прэйскуранты для пакупнікоў.

Павышэнне цэнаў кранула не толькі прэміяльныя маркі аўтамабіляў, як, напрыклад, Porsche (сярэдні рост коштаў +19% у 2020 годзе) або BMW (+12,2%), але і папулярныя бюджэтныя маркі, як, напрыклад: Suzuki (+11,2%), Форд (+10,8%) або Opel (+10,1 %). Гэта выдатна відаць і на прыкладзе такіх аўтамабіляў, як: Peugeot 2008 (+33,4 %), Mazda2 (+24,1 %) або Opel Corsa (+22,8%.).

Даследаванне, праведзенае Інстытутам SAMAR, прымушае звярнуць асаблівую ўвагу на ўплыў электрыфікацыі на кошты асобных аўтамабіляў. Выдатным прыкладам могуць паслужыць Skoda Citigo і Smart FourFour. Абедзве мадэлі нядаўна перасталі прапаноўвацца ў версіях з рухавікамі ўнутранага згарання. Цяпер купіць іх можна толькі з электрапрывадам. Эфект? Цана Smart ForFour вырасла на 94%, а Skoda Citigo на... 120 %. Пра першасны рынак аўтамабіляў у Польшчы пісалі на партале interia.pl.

эж