Беларуская Служба

Урад Польшчы гатовы працягваць перамовы па справе бюджэту ЕС

17.11.2020 08:12
Польшча і Венгрыя не пагаджаюцца з прапанаваным механізмам выплат сродкаў з бюджэту супольнасці.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:AlexanderStein/pixabay.com/CC0 Public Domain

Польскі ўрад гатовы працягваць перамовы па справе бюджэту ЕС, паведаміў  намеснік міністра замежных спраў Павел Яблонскі (Paweł Jabłoński). Нагадваем, Польшча і Венгрыя не пагадзіліся на бюджэтны пакет, то бок новы бюджэт ЕС на бліжэйшыя сем гадоў і фонд на рэканструкцыю пасля пандэміі каранавіруса.

Раней падчас сустрэчы ў Бруселі большасць паслоў краін ЕС пагадзілася на новы механізм, які выплату сродкаў з новага бюджэту і фонду ставіць у залежнасць ад пашаны прынцыпу вяршэнства закона ў краінах-членах супольнасці.

Павел Яблонскі дадаў, што Польшча хоча як мага хутчэй дамовіцца па справе бюджэту ЕС, але не можа пагадзіцца на прапанаваны механізм выплат:

- Калі б мы не выступілі супраць, то Еўракамісія ў любы момант магла б сваім  адвольным рашэннем прыпыніць сродкі для Польшчы з фонду на рэканструкцыю пасля пандэміі. На гэта мы не пагаджаемся. Мы не дазволім на эмацыйны шантаж з боку нашых партнёраў, паколькі разумеем, чым гэткі механізм нам пагражае.

У чацвер падчас відэаканферэнцыі справу бюджэтнага пакета абмяркуюць кіраўнікі 27 краін ЕС.

аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі