Беларуская Служба

Пандэмія паказала, што палякі маюць праблемы з развіццём айчыннай тэхнічнай думкі

19.11.2020 14:03
Падчас першай хвалі каранавіруса польскія навукоўцы мабілізаваліся на барацьбу з COVID-19, але вынікаў іх працы не знойдзем у шпіталях.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:PIRO4D/pixabay.com/CC0 Public Domain

Польская навука мабілізавалася на барацьбу з каранавірусам, але вынікі працы польскіх навукоўцаў трапілі не ў дзяржаўныя бальніцы і лабараторыі, а „на паліцы”, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.

Газета нагадвае, што вясной, калі Еўропа з жахам назірала за тым, як каранавірус разбурае службу аховы здароўя ў Італіі, польскія навукоўцы рашуча ўзяліся за працу.

Самай вялікай праблемай тады быў недахоп тэстаў на COVID-19. Лекары таксама асцерагаліся недахопу апаратаў ШВЛ.

Першую праблему пастанавілі вырашыць навукоўцы з Інстытута біяарганічнай хіміі ў Познані, другую - з Інстытута біякібернетыкі і біямедыцынскай інжынерыі ў Варшаве.

Абодва праекты атрымалі дафінансаванне з Міністэрствам навукі і вышэйшай адукацыі і  неўзабаве быў створаны і тэст, і спецыяльная прылада, якая дазваляе падключыць двух пацыентаў да аднаго апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Тым часам аказваецца, што дзяржаўныя ўстановы не заказваюць тэстаў, хоць яны даступныя для продажу. У сваю чаргу далейшая праца над апаратамі ШВЛ, неабходная для выкарыстання іх у шпіталях, была перапынена з-за пандэміі і змены ў кіраўніцтве Міністэрства аховы здароўя.

Dziennik Gazeta Prawna канстатуе, што выкарыстанне айчыннай тэхнічнай думкі ў Польшчы заўсёды было праблемай, а пандэмія каранавіруса толькі гэта падкрэсліла.

аз