Беларуская Служба

Рынак працы ў Польшчы адаптуецца да крызіснай сітуацыі

23.11.2020 15:03
Больш за палова апытаных працадаўцаў заяўляе, што яны істотна змянілі сваю стратэгію і робяць стаўку на лічбаванне.
Здымак мае ілюстрацыйны характарgeralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

Звальненні працаўнікоў у кастрычніку былі большымі, чым у верасні, але іх маштаб сведчыць пра не найгоршую, як на локдаўн сітуацыю на польскім рынку працы, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.

У кастрычніку, у сувязі з увядзеннем дадатковых эпідэміялагічных абмежаванняў, 68 працадаўцаў у Польшчы заявілі аб гатоўнасці калектыўных звальненняў каля 6 670 супрацоўнікаў. Паводле экспертаў, гэтыя лічбы істотна не адрозніваюцца ад дадзеных з папярэдніх месяцаў.

Паводле газеты, як і раней, цяжка казаць пра структурную праблему калектыўных скарачэнняў месцаў працы, а рост іх колькасці часта не звязаны з эпідэміялагічнымі абмежаваннямі, уведзенымі ў кастрычніку.

Гэта відаць на прыкладзе Мазавецкага ваяводства - найбуйнейшага рынку працы ў краіне, дзе колькасць планаваных калектыўных звальненняў значна ўзрасла. У верасні гэта датычыла больш за 1 200 месцаў працы.

Пра найбольшую колькасць планаваных звальненняў паведаміў банк Santander, які да канца 2022 году плануе звольніць 2 тысячы чалавек. Паводле ацэнак банку, гэта дазволіць зэканоміць больш за 120 мільёнаў злотых.

Іншыя кампаніі, якія паведамлялі пра планы маштабных звальненняў у Мазавецкім ваяводстве – гэта кампанія Coca-Cola HBC Poland (215 супрацоўнікаў) і Promod Polska (166 супрацоўнікаў).

Згаданыя дадзеныя супадаюць з паведамленнямі Міністэрства развіцця, працы і тэхналогій, якія сведчаць пра тое, што з чэрвеня беспрацоўе ў Польшчы ўтрымліваецца на ўзроўні 6,1%, а таксама з дадзенымі Галоўнага статыстычнага ўпраўлення.

Апрача таго аказваецца, што зарплаты ў Польшчы павялічыліся на  4,7% у параўнанні з папярэднім годам, і на 1,6% у параўнанні з вераснем бягучага года. Гэта, паводле экспертаў, сведчыць пра тое, што працадаўцы рэагавалі на крызіс інакш, чым у сакавіку і красавіку, калі першым рашэннем было прыпыненне набору новых супрацоўнікаў.

Апрача таго, паводле даследаванняў грамадскай думкі, амаль 44% прадпрымальнікаў адчулі часовыя праблемы, звязаныя з эпідэміяй каранавіруса, але павольна вяртаюцца да ранейшых вынікаў. У сваю чаргу больш за палова заяўляе, што яны істотна змянілі сваю стратэгію і робяць стаўку на лічбаванне і дыстанцыйную працу, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.

аз