Беларуская Служба

Польская кампанія PKN Orlen памалу будзе скарачаць нафтаперапрацоўчую дзейнасць

01.12.2020 20:18
PKN Orlen мае намер стаць лідарам у галіне паслядоўнай энергетычнай трансфармацыі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. 
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneMat. prasowe PKN Orlen

Польская нафтаперапрацоўчая кампанія PKN Orlen мае намер стаць лідарам у галіне паслядоўнай энергетычнай трансфармацыі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Аб гэтым гаворыцца ў апублікаванай стратэгіі дзейнасці да 2030 года. Канцэрн хоча дасягнуць гэтай мэты, у прыватнасці, укладваючы грошы ў марскія ветрапаркі, пашыраючы станцыі для зарадкі электрамабіляў і біяпаліва.

Расказаў аб гэтым старшыня ўправы PKN Orlen Даніэль Абайтэк (Daniel Obajtek) у эфіры Польскага радыё. Паводле яго слоў,
традыцыйны нафтаперапрацоўчы бізнес будзе занепадаць, таму ўвесь канцэрн павінен развіваць дзейнасць у іншых сектарах:

- Зліццё і перамены не будуць заключацца ў тым, што будзем звальняць людзей. Нам патрэбна засяродзіцца на тым, каб праз 10-15 гадоў ніхто людзей не звальняў. Дзеля гэтага мы ажыццяўляем інвестыцыйны працэс у нафтахімічным сектары і ў сектары нулявых выкідаў. У будучыні гэтыя інвестыцыі павінны дапоўніць бізнес, бо з цягам часу ўдзел нафтаперапрацоўчага сектара стане звужацца.

Старшыня ўправы PKN Orlen заявіў, што з наступнага года кампанія мае намер рэгулярна дзяліцца атрыманым прыбыткам з акцыянерамі. Стратэгія прадугледжвае выплату дывідэндаў не менш за 3,50 злотых за кожную акцыю. Мы хочам прывязваць нашых акцыянераў двума спосабамі«, – сказаў Даніэль Абайтэк:

- Кампанія мацнее, пашыраецца, развіваецца, а нашыя акцыянеры чакаюць прыбытку. Нашая дывідэндная палітыка павінна паказаць акцыянерам, што аплочваецца інвеставаць у Orlen. Мы імкнемся сказаць ім што інвеставанне дае карысці не толькі ў будучыні, а таксама ў цяперашні час.

Да 2030 года Orlen Group мае намер дасягнуць 2,5 гігават устаноўленай магутнасці ў аднаўляльных крыніцах, з якіх больш за палову (1,7 гігавата) будзе паступаць ад марскіх ветрапаркаў. Каля паловы прыбытку Orlen павінен забяспечваць нафтахімічны сегмент, але ў той жа час павялічваецца доля спецыялізаваных прадуктаў нафтахіміі, такіх як фенол і араматычныя вытворныя. Акрамя таго, канцэрн будзе і далей развіваць сетку рознічнага продажу, на працягу 10 гадоў плануе адкрыць як мінімум 3,5 тысячы АЗС пад маркай Orlen у сямі еўрапейскіх краінах.

яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі