Беларуская Служба

Польскія ўлады дапамагаюць гмінам, на тэрыторыі якіх у часы ПНР дзейнічалі саўгасы

05.01.2021 10:03
Бюджэт праграмы дапамогі складае 250 мільёнаў злотых (гэта больш за 55 мільёнаў еўра).
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:majgot/pixabay.com/CC0 Public Domain

Пачынаецца набор заявак на падтрымку інвестыцый на тэрыторыі былых дзяржаўных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у Польшчы. Сродкі на гэтую мэту будуць вылучаныя з бюджэту Урадавага фонду мясцовых інвестыцый. Гаворка ідзе пра 250 мільёнаў злотых( гэта больш за 55 мільёнаў еўра ). Сродкі могуць атрымаць гміны, у якіх у часы ПНР працавалі саўгасы. Кожная гміна можа падаць максімальна тры заяўкі на тры інвестыцыі.

На кожны зацверджаны праект можна атрымаць ад 50 тысяч да 5 млн злотых падтрымкі (то бок ад 11 тысяч да 1 мільёна 100 тысяч еўра), паведаміў прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі:

-  Згаданыя сродкі могуць быць прызначаныя на будаўніцтва дарожнай, воднай, каналізацыйнай інфраструктураў; будаўніцтва і рамонт мясцовых клубаў для моладзі, пажарных участкаў, пашырэнне дзіцячых пляцовак і зонаў адпачынку, ацяпленне будынкаў, а таксама рэстаўрацыю помнікаў архітэктуры.  

Намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Павел Шэфернакэр (Paweł Szefernaker) нагадаў, што гатовыя заяўкі можна спампаваць з сайта міністэрства альбо Канцылярыі прэм'ера:

- Мы найбольш зацікаўленыя ў інвестыцыях, неадкладных з пункту гледжання жыхароў. Прыярытэтны характар маюць інвестыцыі прапанаваныя мясцовымі ўладамі, то бок гміннымі і раённымі саветамі. Заяўкі трэба перадаць у ваяводскія ўстановы, якія ацэняць іх разам з з Нацыянальным цэнтрам падтрымкі сельскай гаспадаркі.

Прадстаўнікі муніцыпальных уладаў, на тэрыторыі якіх у часы ПНР дзейнічалі дзяржаўныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы могуць падаваць заяўкі да 12 лютага.

аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі