Беларуская Служба

ЕС не можа затрымаць будаўніцтва трубы Паўночны паток-2, бо гэта прыватны праект

20.01.2021 14:50
Супраць будаўніцтва расійскага трубаправоду выступаюць Польшча, Украіна і дзяржавы Прыбалтыкі, а таксама ЗША.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock.com / Maximillian cabinet

«Будаўніцтва газаправоду Паўночны паток-2 – гэта прыватны праект. Таму мы не можам яго спыніць», – заявіў у аўторак кіраўнік дыпламатыі Еўрапейскага саюза Жазэп Барэль падчас дэбатаў ЕС. Яго словы прыводзіць партал WPolityce.pl.

«Еўрапейская камісія шмат разоў выказвала свой погляд на гэтую тэму, адзначаючы, што праект не прычыняецца да дыверсіфікацыі крыніц паставак у ЕС, а гэта адна з мэтаў энергетычнай палітыкі супольнасці. Аднак мы не можам спыніць будаўніцтва, калі нямецкі ўрад на яго згаджаецца. Калі фірмы збудуюць трубаправод, ён павінен дзейнічаць згодна праву ЕС. Гэта адзінае, што мы можам зрабіць», – сказаў Барэль.

Супраць будаўніцтва расійскага трубаправоду выступаюць Польшча, Украіна і дзяржавы Прыбалтыкі, а таксама ЗША. На думку крытыкаў, праект павялічыць залежнасць Еўропы ад расійскага газу, а таксама пашырыць уплыў Крамля на еўрапейскую палітыку. Рэалізацыю праекту падтрымліваюць Германія, Аўстрыя і некалькі іншых краін ЕС.

У будучыні 55 млрд. кубаметраў прыроднага газу плануецца кожны год перапампоўваць з Расіі ў Германію праз два адгалінаванні трубы Паўночны паток-2, кожнае адгалінаванне даўжынёй прыкладна ў 1200 кіламетраў. Газаправод, кошт будаўніцтва якога складае прыкладна 9,5 млрд. еўра, гатовы ўжо ў 94%. З амаль 2,5 тыс. км засталося пракласці толькі 120 км трубы па дне мора ў тэрытарыяльных водах Даніі.

нг