Беларуская Служба

Польскія прадукты харчавання атрымаюць пашпарты

02.02.2021 12:01
Паводле ўладаў, інфармацыя пра паходжанне прадуктаў дазволіць кліентам здзяйсняць свядомыя пакупкі.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:Alexas_Fotos/pixabay.com/CC0 Public Domain

На мінулым тыдні ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і развіцця сельскіх раёнаў Польшчы быў падпісаны ліст аб намерах па рэалізацыі Праекту па выдачы пашпартоў польскім прадуктам харчавання. Паводле міністэрства, неўзабаве стартуюць пілотныя праграмы па гэтай справе на рынках бульбы, ялавічыны і свініны.

Увядзенне пашпартоў дазволіць на ідэнтыфікацыю прадуктаў харчавання на рынку ў адпаведнасці з краінай іх паходжання. Паводле планаў, некаторыя прадукты таксама будуць утрымліваць інфармацыю пра паходжанне паасобных складнікаў прадуктаў.

Пашпарты для прадуктаў харчавання павінны павысіць веды спажыўцоў, а таксама ўзмацніць экспартны патэнцыял вытворцаў і пераапрацоўшчыкаў прадуктаў харчавання, падкрэсліў міністр сельскай гаспадаркі Гжэгаж Пуда(Grzegorz Puda):

- Спажыўцы звяртаюць увагу на гандлёвая маркі і гэта добра сведчыць, як пра іх, так і пра добрасумленных вытворцаў і пераапрацоўшчыкаў. Гаворка ідзе пра тое, каб спажыўцы свядома выбіралі польскія прадукты харчавання. Пры нагодзе, я хацеў бы заахвоціць, каб карыстаючыся сучаснай тэхналогіяй, палякі куплялі прадукты ад палякаў, то бок ад польскіх фермераў.  

Міністэрства сельскай гаспадаркі праводзіць ужо кансультацыі на тэму пашпартоў з асобнымі сектарамі эканомікі. Напрыклад, такія перамовы вядуцца з мясным сектарам.

Галоўны ветэрынарны лекар Богдан Канопка(Bogdan Konopka) паведаміў, што такой інфармацыі патрабуюць некаторыя замежныя пастаўшчыкі. Апрача таго інфармацыя пра паходжанне дазволіць польскім кліентам, здзяйсняць свядомыя пакупкі:

- Польскія ветэрынарныя службы карыстаюцца шматлікімі сістэмамі кантролю і інфарматычнымі сістэмамі, якія дапамогуць рэалізаваць гэтую задачу. Гэта з мэтай, каб польскі спажывец змог прасачыць увесь шлях вытворчасці дадзенага прадукта – ад пoля да стала.

Міністэрства сельскай гаспадаркі, у прыватнасці, супрацоўнічае па праекце з кампаніяй GoVTech, якая займаецца распрацоўкай лічбавых рашэнняў для дзяржаўнага кіравання, а таксама дзяржаўнымі навукова-даследчымі інстытутамі. Наступны этап праекта - выбар ІТ-кампаніі, якая пачне распрацоўваць адпаведную сістэму.

аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі