Беларуская Служба

Пандэмія заканчваецца, фірмы прымаюць на працу супрацоўнікаў

08.06.2021 11:22
На рынку найбольш вакансій для афіцыянтаў і супрацоўнікаў, звязаных з абслугай гасцей.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:jahcordova /pixabay.com/CC0 Public Domain

Кожная пятая фірма, якая займаецца паслугамі, намерана ў бліжэйшым часе працаўладкоўваць новых супрацоўнікаў – піша Dziennik Gazeta Prawna. З таго часу, калі ў траўні былі адмененыя каранцінныя абмежаванні, расце попыт на працу. Дадзеныя прыводзіць Польскі эканамічны інстытут, які кожны месяц праводзіць анкетаванне сярод прадпрыемстваў. Яшчэ ў лютым толькі 11% фірмаў намерваліся прымаць новых супрацоўнікаў, а ў чэрвені – ужо 18%. У выпадку фірмаў паслуг, яшчэ больш кампаній, 22%, кажуць пра намер прымаць людзей на працу.

На рынку найбольш вакансій для афіцыянтаў і супрацоўнікаў, звязаных з абслугай гасцей. Падчас лакдаўну многія рэстараны пазакрываліся і пазвальнялі супрацоўнікаў, або іх частку, а цяпер, калі зноў можна прымаць гасцей, неабходна знайсці новыя кадры. Адбудаванне ўзроўню працаўладкавання пасля пандэміі будзе доўгім і каштоўным, – мяркуе віцэ-старшыня сеткі рэстаранаў Сфінкс Дарота Цацэк (Dorota Cacek). Тым больш, што попыт на працу расце таксама ў іншых сектарах эканомікі. Гэтая тэндэнцыя пачалася яшчэ перад адменай пандэмічных мераў. Паводле дадзеных парталу Pracuj.pl, на працягу аднаго месяца – у траўні – на сайце парталу было змешчана амаль 73200 аб’яваў аб працоўных вакансіях, на 82% больш, чым год таму.

На думку віцэ-дырэктара Польскага эканамічнага інстытуту Анджэя Кубісяка (Andrzej Kubisiak), бум пошукаў працаўнікоў яшчэ наперадзе. Калі не будзе значнай чацвёртай хвалі пандэміі, у Польшчы чакаецца вельмі моцны эканамічны рост, 5% ВУП і болей, а ўжо пры 3-працэнтным назіраецца выразны рост колькасці працоўных вакансій.

нг