Беларуская Служба

Інвестары спадзяюцца, што попыт на студэнцкія інтэрнаты вырасце

20.07.2021 12:31
Варшава з’яўляецца другім па велічыні студэнцкім горадам у Еўропе. 
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/Monkey Business Images

Пандэмія каранавіруснай інфекцыі выклікала вялікія змены ў прынцыпах навучання – як у базавых школах, так і вышэйшых навучальных установах. Многія студэнты на працягу мінулага навучальнага года вучыліся дыстанцыйна, таму запатрабаванне на студэнцкія кватэры ды інтэрнаты было меншым, чым у папярэднія гады. Аднак інвестары спадзяюцца, што гэта ўжо ў мінулым, і неўзабаве попыт на месцы ў інтэрнатах зноў пойдзе ўверх.

Gazeta Wyborcza піша ў частцы, прысвечанай Варшаве, што ў горадзе ідзе перабудова аднаго з офісных будынкаў. Замест офісаў у будынку будзе інтэрнат – 149 нумароў для студэнтаў. Інвестар – чэшская кампанія Zeitgeist Asset Management – нагадвае, што Варшава з’яўляецца другім па велічыні студэнцкім горадам у Еўропе. Вышэйшую адукацыю тут атрымлівае больш за 290 тыс. студэнтаў. У польскай сталіцы працуе 96 вышэйшых навучальных устаноў. Прыкладна адна трэцяя ўсіх варшаўскіх студэнтаў паходзіць з-за мяжы. У горадзе ёсць 99 інтэрнатаў для студэнтаў, яны прапануюць пакоі, пераважна адносна нізкага стандарту. Таму шматлікія студэнты рашаюцца зняць кватэру. Пандэмія выклікала змены ў дадзеным сегменце рынку, паколькі частка студэнтаў адмовілася ад арэнды, але ўладальнікі прыватных інтэрнатаў кажуць, што ў іх попыт на пакоі не зменшыўся.

Чэшскі інвестар спадзяецца, што пасля пандэміі зацікаўленне арэндай жылля ў інтэрнаце не зменшыцца, а нават вырасце, калі студэнты вернуцца да стацыянарных заняткаў.