Лідары Паўночнаатлантычнага альянсу перасцерагаюць перад ростам магутнасці Кітая і агрэсіўнымі паводзінамі Расіі. Згаданыя пагрозы былі названыя ў выніковай дэкларацыі ўчарашняга саміту НАТА ў Бруселі.
Гэта менавіта рост значэння Кітая і Расіі ў свеце з'яўляецца адной з прычын доўгатэрміновых рэформаў НАТА. Краіны альянсу лічаць, што і Расія, і Кітай кінулі пальчатку сусветнаму парадку, заснаванаму на дэмакратыі і міжнародным праве.
Кіраўнік НАТА Енс Столтэнберг. PAP/EPA/OLIVIER HOSLET / POOL
Кіраўнік НАТА Енс Столтэнберг ахарактарызаваў абедзве краіны як «аўтарытарныя рэжымы». Ён падкрэсліў, што ўзмацненне ўплыву Кітая ў свеце пагражае бяспецы НАТА:
- Мы занепакоеныя тым, што Кітай выкарыстоўвае сілавую палітыку, якая супярэчыць асноватворным прынцыпам, замацаваным у Вашынгтонскім дагаворы. Кітай імкліва пашырае свой ядзерны арсенал, павялічваючы колькасць боегаловак і якасных сістэм.
Альянс таксама занепакоены дэзынфармацыяй, якая паступае з Кітая і заклікаў Пекін прытрымлівацца міжнародных пагадненняў. Енс Столтэнберг таксама прызнаў, што адносіны паміж Захадам і Расіяй доўгі час не былі настолькі дрэннымі, як цяпер:
- Нашы адносіны з Расіяй знаходзяцца на самым нізкім узроўні з часоў «халоднай вайны». Агрэсіўныя паводзіны Масквы – гэта пагроза нашай бяспецы.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. PAP/Radek Pietruszka
Згаданае меркаванне падтрымлівае таксама прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда:
- На жаль пагроза з боку Расіі надалей актуальная. Рознага роду агрэсіўныя паводзіны Расіі – адна з найбольш сур’ёзных пагрозаў у геапалітычнай прасторы, асабліва нашай часткі Еўропы.
На гэтую тэму прэзідэнт Анджэй Дуда размаўляў таксама з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Амерыканскі лідар запэўніў, што разумее значэнне бяспекі краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы, у тым ліку Польшчы:
- Ён быў архітэктарам ідэі далучэння згаданых краін да НАТА. Таму пытанне бяспекі іх грамадзянаў, як членаў НАТА, блізкае сэрцу Джо Байдэна. Гэта для нас станоўчая навіна.
Лідары краінаў-членаў НАТА таксама згадзіліся, што пагрозай для стабільнасці ў рэгіёне з‘яўляецца Беларусь і падкрэслілі вайсковыя сувязі згаданай краіны з Расіяй.
Адказам Захаду на новыя пагрозы, у тым ліку звязаныя з узмацненнем уплыву Расіі і Кітая ў свеце, з’яўляецца шырокамаштабная рэформа альянсу. Краіны НАТА плануюць больш цесна супрацоўнічаць не толькі ў пытаннях абароны, але і ў эканамічных і тэхналагічных пытаннях.
Альянс таксама плануе стварыць інавацыйны цэнтр і супрацоўнічаць са стартапамі і тэхналагічнымі цэнтрамі. Кіраўнікі краін НАТА таксама вырашылі ўзмацніць стратэгію абароны і стрымлівання, а таксама сумесную абарону ключавой інфраструктуры ў асобных краінах-членах.
Прэзідэнт Джо Байдэн. PAP/EPA/OLIVIER HOSLET / POOL
На заканчэнне саміту прэзідэнт Джо Байдэн заявіў, што ЗША не шукаюць канфлікту з Расіяй, але гатовыя адказаць на пагрозы. Журналісты цікавіліся планаванай на сераду ў Жэневе яго сустрэчай з прэзідэнтам Расіі:
- Я прадстаўлю прэзідэнту Пуціну нашую выразную пазіцыю, паводле якой ёсць магчымасці для супрацоўніцтва, зразумела, калі ён у гэтым зацікаўлены. Аднак, калі Расія вырашыць дзейнічаць па-ранейшаму і ў такіх сферах, як, напрыклад, кібербяспека, тады мы адкажам.
Прэзідэнт Байдэн дадаў таксама, што калі раптам нешта дрэннага здарыцца з адным з галоўных апанентаў Расіі Аляксеем Навальным, які ў цяперашні час знаходзіцца ў калоніі, гэта будзе чарговы доказ, што Расія не намерваецца прытрымлівацца правоў чалавека. «Гэта будзе трагедыяй. Гэта сапсуе адносіны Расіі з астатнім светам і са мной асабіста», – дадаў прэзідэнт ЗША.
Ён таксама паўтарыў пасланне, з якім прыбыў на саміт НАТА ў Бруселі, то бок значэнне Артыкула 5-га дамовы аб НАТА, то бок прынцыпу «адзін за ўсіх, усе за аднаго»:
- Артыкул 5-ы для нас – святы абавязак. Я ўвесь час нагадваю амерыканцам, што калі на нас напалі, НАТА ўмяшалася на падставе згаданага артыкула. Таму я хачу, каб Еўропа ведала: мы з вамі.
Станоўча вынікі саміту НАТА ў Бруселі ацаніў прэзідэнт Украіны. Гаворка ідзе, перш за ўсё пра перспектыву членства яго краіны ў альянсе. Аднак Уладзімір Зяленскі хацеў бы пачуць канкрэтныя даты, калі яго краіна можа перайсці да наступных этапаў інтэграцыі, падкрэслівае карэспандэнт Польскага радыё Павел Бушка:
- Як паведамляе прэс-служба Уладзіміра Зяленскага, Украіна вітае заявы саміту НАТА аб тым, што Кіеў стане членам альянсу, а План дзеянняў па членстве стане неадʼемнай часткай гэтага працэсу. Аднак, як ён адзначыў, у выніковай дэкларацыі ўчарашняга саміту адсутнічаюць канкрэтныя тэрміны набліжэння да НАТА, на якія разлічвала Украіна. Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што хоць яго краіна, не зʼяўляецца членам НАТА, ужо ўносіць вялікі ўклад у еўраатлантычную бяспеку, паколькі процідзейнічае агрэсіі Расіі, у выніку чаго гінуць украінскія жаўнеры. Нагадваем, упершыню за больш чым 12 гадоў, падчас учарашняга саміту перспектыва ўступлення Украіны ў альянс была выразна пацверджаная. Аднак улады Кіева выказалі незадавальненне тым, што іх не запрасілі на саміт.
Кіраўнік НАТА Енс Столтэнберг i прэзідэнт Джо Байдэн. PAP/EPA/STEPHANIE LECOCQ / POOL
У рамках рэформаў альянс плануе павялічыць супрацоўніцтва з Японіяй, Аўстраліяй ці Новай Зеландыяй, а таксама з краінамі Лацінскай Амерыкі, Азіі і Афрыкі. Усё з мэтай стаць важнай дыпламатычнай сілай у свеце. НАТА плануе распрацоўваць новыя тэхналогіі і змагацца са зменамі клімату. У Канадзе ўзнікне спецыяльны экалагічны цэнтр альянсу. НАТА таксама павялічыць колькасць вучэнняў ва Украіне, Грузіі, а таксама ў Іраку і Іярданіі.
План «НАТА 2030» прадугледжвае рост членскіх узносаў з мэтай павелічэння ўсіх трох існуючых бюджэтаў арганізацыі. Аднак пакуль гэта агульная ідэя, бо некаторыя дзяржавы-члены скептычна ставяцца да гэтай прапановы.
Да наступнага саміту НАТА ў 2022 годзе таксама павінен быць падрыхтаваны праект новай стратэгічнай канцэпцыі НАТА. Цяперашняя паходзіць з 2010 года і, на думку ўладаў альянсу, не адпавядае сучаснай рэчаіснасці.
IAR/аз