Беларуская Служба

Большай хвалі імігрантаў з Усходу недастаткова

27.07.2021 13:36
Каб запоўніць недахоп працаўнікоў, на які скардзяцца 81% польскіх фірм.
Здымак мае ілюстрацыйны характарImage by StartupStockPhotos from Pixabay/CC0

У першай палове 2021 года колькасць дэкларацый для замежных служачых і дазволаў на працу для замежнікаў была большай, чым да пандэміі. Аднак усё адно ім не ўдалося запоўніць прабелы на рынку працы, піша штодзёнка «Rzeczpospolita».

998 тысяч заяў найму рабочых з Усходу атрымалі ведамства па працаўладкаванні ў першай палове бягучага году. Гэта не толькі на 63% больш, чым год таму, калі прыток эканамічных мігрантаў абмежаваў выбух пандэміі, але нават выразна больш (на 18%), чым у першай палове 2019 года.

Сапраўдны рэкорд паказваюць дадзеныя па дазволах на працу, выдадзеных замежнікам у першым паўгоддзі, колькасць якіх дасягнула 232 тысяч. Колькасць замежнікаў у рэгістрах ZUS таксама б'е рэкорды - у чэрвені іх было амаль 819 тысяч, на 100 тысяч больш, чым у студзені.

Кіраўнікі агенцтваў па працаўладкаванні распавядаюць пра рэкордныя заказы як на пастаянных, так і на сезонных работнікаў, якія раслі кожны тыдзень пры канцы красавіка і на пачатку мая. Па словах Кшыштафа Інглота, дырэктара фірмы «Personnel Service», заказаў так шмат, што ўпершыню за год агенцтвы могуць выбіраць паміж рознымі праектамі.

Адкуль бярэцца недахоп супрацоўнікаў, на які скардзяцца 81% польскіх фірм? Тым больш ва ўмовах, калі ў Польшчу прыязджаюць масава эканамічныя імігранты ды апошнія статыстычныя дадзеныя паказваюць, што ў першым квартале 2020 года працавала 16,4 мільёна палякаў, што больш, чым не толькі ў першым квартале 2020 года, але і ў 2019 і 2018 гадах? Чым тлумачыцца тое, што на рынку назіраецца недахоп работнікаў?

Моніка Федарчук, эксперт па рынку працы ў Канфедэрацыі прадпрымальнікаў «Левіятан», зазначае, што ў некаторых рэгіёнах (у тым ліку ў Вялікапольшчы ды ў Ніжняй Сілезіі) рынкі працы ўжо вычарпаныя. У выніку моцны рост вытворчасці, як ёсць цяпер, выклікае недахоп кадраў.

Рынак працы перагрэты сёлета, і не толькі, з-за вялікай прапановы сезонных працоўных месцаў, - ацэньвае Цэзары Мацёлэк, генеральны дырэктар «Grupe Progres». Паводле яго слоў, цяперашняя ліхаманка пры пастаянным і часовым найме з'яўляецца вынікам спалучэння некалькіх з’яваў: буму ў будаўніцтве, электроннай камерцыі і лагістыкі, вельмі добрай эканамічнай сітуацыі ў прамысловасці і моцнага ажыўлення ў сферы турызму і гатэльнага бізнесу.