Беларуская Служба

Эканоміка еўразоны запаволілася ў другі раз запар у верасні

23.09.2021 15:45
Яна па-ранейшаму хутка расце, але перабоі ў пастаўках выклікаюць усё большыя праблемы.
Здымак мае ілюстрацыйны характарPAP/Adam Warżawa

Ёсць прыкметы запаволення нават у сферы паслуг, піша штодзёнка «Rzeczpospolita».

Такая карціна вынікае з папярэдніх паказанняў PMI, паказчыка, якім вымяраюць эканамічную сітуацыю на аснове апытання сярод менеджараў прадпрыемстваў.

Калектыўны PMI, які ахоплівае прамысловы сектар і сферу паслуг, упаў у верасні да самага нізкага ўзроўню з красавіка - 56,1 пункта ў параўнанні з 59 пунктамі ў жніўні. Эканамісты чакалі выніку на ўзроўні 58,5 пункта.

Кожнае значэнне PMI вышэй за 50 балаў тэарэтычна азначае, што больш кампаній бачаць, што іх становішча паляпшаецца ў параўнанні з папярэднім месяцам, чым пагаршаецца. Адлегласць ад гэтай мяжы можна інтэрпрэтаваць як меру тэмпаў росту эканамічнай актыўнасці на месячнай аснове. У гэтым святле ў ліпені бягучага года эканоміка еўразоны развівалася найбольш хутка з чэрвеня 2006 года, а ў жніўні і верасні некалькі запаволілася. Аднак тэмпы росту застаюцца вышэй за сярэднетэрміновыя.

PMI паказвае, што другі месяц запар сектар паслуг расце хутчэй, чым прамысловы сектар, што можа быць звязана з амаль поўнай адменай супрацьэпідэмічных абмежаванняў летам. Але і тут эканамічная сітуацыя пагаршаецца.

Дадзеныя сведчаць, што ўсё менш кампаній аптымістычна глядзяць у будучыню. Чаканні прадпрыемстваў адносна эканамічнай сітуацыі ў бліжэйшыя 12 месяцаў самыя слабыя са студзеня гэтага года, хоць да гэтага часу варыянт каранавірусу Delta не змусіў урады накласці абмежаванні на эканамічную дзейнасць. Аб эрозіі аптымізму сведчыць і той факт, што кампаніі паведамілі пра самае павольнае павелічэнні занятасці за чатыры месяцы.

Таксама прамысловыя фірмы паведамілі пра самы павольны рост вытворчасці са студзеня. У асноўным гэта тлумачылася перабоямі ў пастаўках, што прыводзіць да недахопу матэрыялаў і камплектуючых. Але рост попыту таксама некалькі запаволіўся. Асабліва гэта тычыцца прытоку экспартных заказаў.

Пры гэтым рост попыту па-ранейшаму перавышае вытворчыя магутнасці кампаній, што прыводзіць да затрымкі ў выкананні заказаў. Гэта разам з абмежаванай пастаўкай матэрыялаў і камплектуючых прыводзіць да хуткага росту коштаў.
У прамысловасці верасень стаў месяцам самых высокіх цэн за 21 год, а ў сферы паслуг кошты на матэрыялы растуць самымі хуткімі тэмпамі з ліпеня 2008 года.

юл