Беларуская Служба

Прыродны газ хутка даражэе, краіны ЕС бяруць пад абарону атамную энергетыку

13.10.2021 13:28
Атамная энергетыка адыгрывае важную ролю ў захаванні энергетычнай незалежнасці і стабільных коштаў на энерганосьбіты.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneShutterstock

Выданне Dziennik Gazeta Prawna піша пра вельмі высокія кошты энергіі ды сыравіны. Рэзкі рост цаны газу выклікае таксама павышэнне іншых коштаў, у прыватнасці, алюмінію. Гэты метал учора быў самы дарагі за апошнія 13 гадоў. На думку экспертаў, калі свет далей будзе праводзіць палітыку дэкарбанізацыі (адмаўлення ад вугалю), гэты трэнд будзе толькі паглыбляцца.

Частка прадпрыемстваў энергаёмістай прамысловасці на Захадзе ўжо заявілі, што ў выніку надта высокіх коштаў энергіі яны абмяжоўваюць свае вытворчыя магутнасці. Фабрыкі, якія вырабляюць штучныя ўгнаенні, паперу, шкло, металургічныя заводы патрабуюць выдзеліць ім дзяржаўную дапамогу.

Польскі прамысловы сектар таксама назірае за ростам цэнаў з занепакаеннем. Кампаніі, якія вырабляюць бытавую тэхніку, ужо заявілі пра павышэнне цэнаў на сваю прадукцыю, кераміка кажа пра скарачэнне вытворчасці. Дарагі газ прымушае затое вяртацца да выкарыстання ў большай ступені вугалю. Прафсаюз «Салідарнасць» шахцёраў заклікаў энергетычныя кампаніі, якія купляюць вугаль у польскіх шахтаў, плаціць за яго больш, чым дагэтуль.

 

На сайце Energetyka24.pl тэма, якая пасрэдным чынам звязана з высокімі коштамі прыроднага газу ды нафты. Гаворка ідзе пра ліст, які падпісалі прадстаўнікі Польшчы, Балгарыі, Чэхіі, Харватыі, Францыі, Фінляндыі, Румыніі, Славакіі, Славеніі ды Венгрыі. Гэта зварот міністра фінансаў Францыі Бруна Ле Мэра да еўрапейскіх адказных чыноўнікаў. У ім падкрэсліваецца важнасць укладу ядзернай энергіі ў намаганні па дэкарбанізацыі і забеспячэнні стабільнага забеспячэння энергіяй. Ліст апублікавалі буйныя еўрапейскія газеты.

У дакуменце падкрэсліваецца роля атамнай энергетыкі ў захаванні энергетычнай незалежнасці і стабільных коштаў на энерганосьбіты, што асабліва важна ў перыяд бягучага энергетычнага крызісу. «Ядзерная энергія – гэта ключавая, даступная, стабільная і незалежная крыніца энергіі. Атамная энергетыка «уносіць рашучы ўклад у незалежнасць нашых паставак энергіі. Гэта даступная энергія з нулявымі выкідамі, якая можа забяспечыць вялікую колькасць канкурэнтаздольнай электраэнергіі без павелічэння нашай залежнасці ад паставак энергіі з трэціх краін», – гаворыцца ў лісце.

Падпісанты таксама звяртаюць увагу на даклады вядучых міжнародных арганізацый, што роля атамнай энергіі мае, перш за ўсё, ключавое значэнне ў барацьбе з глабальным пацяпленнем. У звароце таксама падкрэсліваецца прагрэс ядзерных тэхналогій, таксама ў галіне абыходжання з радыеактыўнымі адходамі. «Для нас, еўрапейцаў, атамная энергетыка – гэта магчымасць далейшага развіцця прамысловасці з высокай дабаўленай вартасцю, стварэння тысяч кваліфікаваных працоўных месцаў, умацавання нашага экалагічнага лідарства і забеспячэння стратэгічнай энергетычнай аўтаноміі і самадастатковасці Еўропы».

У цяперашні час Еўрапейская камісія распрацоўвае праект, які прадугледжвае падтрымку інвестараў, якія прачыняюцца да ўстойлівага развіцця. Дзяржавы, якія выступаюць за атамную энергію, прыкладаюць намаганні, каб уключыць у яго атамную энергетыку. Ядзерныя праціўнікі, такія як Аўстрыя і Нямеччына, патрабуюць, каб падтрымка ЕС у галіне атамнай энергетыкі была заблакаваная, а таксама абмежаваць яе фінансаванне з прыватнага капіталу.

нг