Беларуская Служба

Некаторыя польскія кампаніі плацяць супрацоўнікам прэмію за вакцынацыю ад Covid-19

25.10.2021 14:32
Працадаўца павінен мець магчымасць уводзіць бонусы, якія пашыраць колькасць вакцынаваных.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneTupungato/Shutterstock

Польскі ўрад усімі сіламі стараецца пераканаць жыхароў паставіць вакцыну супраць каранавіруснай інфекцыі. Нягледзячы на актыўную кампанію, у краіне прышчапілася двума кампанентамі каля паловы насельніцтва. Не толькі палітыкі стараюцца пераканаць людзей прайсці вакцынацыю. Некаторыя фірмы вырашаюць нават плаціць прэмію супрацоўнікам, якія паставілі ўкол. Аднак узніклі пытанні юрыдычнага характару, аб якіх піша выданне Dziennik Gazeta Prawna.

Дзяржаўная інспекцыя працы правяла праверку ў адной з кракаўскіх кампаній, дзе супрацоўнікі атрымлівалі прэмію ў памеры 100 злотых, калі зрабілі прышчэпку ад Covid-19. Кантралёры пасля праверкі прынялі рашэнне, што фірмы могуць плаціць сваім супрацоўнікам бонусы за ўкол, але гэта не азначае, што яны могуць не асцерагацца судовых позваў з боку тых супрацоўнікаў, якія не прайшлі вакцынацыі і вырашаць, што такім чынам наймальнік іх дыскрымінуе, плацячы прэмію толькі прышчэпленым.

Юрысты пазітыўна ацэньваюць пазіцыю інспекцыі працы, якая не збіраецца ўзбуджаць разбіральніцтва ў адносінах фірмаў, што плацяць прэмію толькі прышчэпленым. Працадаўца павінен мець магчымасць уводзіць бонусы, якія пашыраць колькасць вакцынаваных, паколькі прафілактыка змяншае рызыку захварэць і заразіць іншых, што адмоўна паўплывала б на прысутнасць на працы і працаздольнасць супрацоўнікаў.

Dziennik Gazeta Prawna/нг