Беларуская Служба

Вытворцы цэменту ў Польшчы просяць прэм'ер-міністра забараніць імпарт беларускага цэменту

27.11.2021 06:12
Увядзенне эмбарга на імпарт цэменту з Беларусі было б вельмі балючым для рэжыму Лукашэнкі, - лічаць яны. 
Zdjęcie ilustracyjne.
Zdjęcie ilustracyjne. Shutterstock/Juan Enrique del Barrio

«Цэментная прамысловасць у Польшчы гадамі змагаецца з праблемай росту імпарту цэменту з Беларусі», – аргументуюць польскія вытворцы сваю пазіцыю.

Паводле інфармацыі Цэнтральнай мытнi, імпарт цэменту з Беларусі па выніках дзевяці месяцаў гэтага года вырас амаль на 26 % у параўнанні з аналагічным перыядам 2020 года. Аб’ёмы імпарту могуць дасягаць да мільёна тон у год, - піша Gazeta Wyborcza.

Дырэктар цэментнага завода Nowiny Кшыштаф Керэс нагадвае, што з чэрвеня цэментная прамысловасць звяртаецца да прэмʼер-міністра Матэвуша Маравецкага з просьбай увесці эмбарга на імпарт цэменту ў рамках санкцый супраць рэжыму ў Беларусі. Рэакцыі з боку кіраўніка ўрада няма.

- Увядзенне эмбарга на імпарт цэменту з Беларусі было б вельмі жорсткім для беларускага рэжыму і ўладальнікаў цэментных заводаў, якія беспакарана і без кліматычных выдаткаў экспартуюць цэмент у Польшчу і Еўрасаюз. Гэта нядобрасумленная канкурэнцыя, і можна меркаваць, што сродкі, атрыманыя ад продажу цэменту ў Польшчу, выкарыстоўваюцца на фінансаванне дзейнасці беларускага рэжыму, – падкрэслівае Кшыштаф Керэс.

Айчынная вытворчасць задаволіць попыт, эмбарга не прынясе праблем  польскаму рынку.

Вытворчыя магутнасці польскіх цэментных заводаў перавышаюць 22 мільёны тон, а сёлетні попыт ацэньваецца ў 20 мільёнаў – сцвярджае Кшыштаф Керэс. 

яс