Беларуская Служба

Апытанне: Амаль 40 працэнтаў палякаў абмежавалі свае выдаткі

27.06.2022 08:31
У першую чаргу палякі эканомяць на культуры і адпачынку, а таксама прадуктах харчавання і паліве.
Здымак мае ілюстрацыйны характарe-gabi/pixabay.com/CC0 Public Domain

Ужо 38,4 працэнта рэспандэнтаў заяўляюць, што ў апошнія месяцы яны адмовіліся ад наведвання кінатэатра ці тэатра, вынікае з апытання інстытута IBRiS для газеты Rzeczpospolita. Складаная эканамічная сітуацыя, высокая інфляцыя, рост растэрміноўкі па крэдытах і коштаў у крамах сур’ёзна абцяжарылі кашалькі палякаў, ацэньвае штодзёнка.

На падставе апытання бачна, што палякі пачынаюць скарачаць выдаткі. У першую чаргу – гэта тычыцца выдаткаў на культуру і адпачынак. Цяперашняя сітуацыя ў краіне мацней за ўсё б'е па самых бедных. «Чым меншыя даходы, тым больш скарачаюцца выдаткі, у тым ліку на харчаванне», – падкрэслівае штодзёнка.

Сацыёлагі пыталі рэспандэнтаў, ці цягам апошняга часу ў іхных хатніх бюджэтах былі ўведзеныя якія-небудзь скарачэнні. 35,2 працэнта з апытаных прызналі, што купляюць менш прадуктаў харчавання. 15,7 працэнта паведаміла, што стала купляць прадукты харчавання горшай якасці, а 28,3 працэнта рэспандэнтаў адказалі, што купляюць ежу і адзенне толькі ў рамках акцыяў распродажу.

Апытанне таксама паказвае, што 40,4 працэнта палякаў скарачае выкарыстанне аўтамабіля і эканоміць паліва. 26,3 працэнта з рэспандэнтаў абмяжоўвае тэмпературу ў доме з-за выдаткаў на электраэнергію.

У сваю чаргу 30,3 працэнта палякаў адмовіліся ад планаў на адпачынак, а 33,6 працэнта – ад закупкі электронікі і бытавой тэхнікі.

аз

Інфляцыя ідзе ўверх

31.05.2022 14:43