Часовае закрыццё памежных пераходаў з Беларуссю ў якасці рэакцыі на беларуска-расійскія вучэнні «Захад 2025» істотна паўплывае на гандлёвы абмен. У апошнія гады, нягледзячы на ўвядзенне санкцый ЕС супраць афіцыйнага Мінска, у выніку якіх Польшча абмежавала беларускі імпарт, Варшава значна павялічыла экспарт у Беларусь, паведамляе эканамічны партал Money.pl.
У 2021 годзе кошт тавараабароту паміж Беларуссю і Польшчай дасягнуў 3 млрд 100 млн еўра з розніцай у 300 млн еўра на карысць Варшавы. Восенню таго ж года ўзмацніўся міграцыйны крызіс, ініцыяваны рэжымам у Мінску, а ў лютым 2022 года Беларусь падтрымала Расію ў вайне супраць Украіны. У адказ Польшча паступова скараціла імпарт з гэтай краіны, але адначасова павялічыла экспарт.
Польшча застаецца вядучым экспарцёрам сярод краін ЕС у Беларусь, нягледзячы на напружаныя двухбаковыя палітычныя адносіны. Так, паводле дадзеных Еўрастата, у 2021 годзе Польшча экспартавала ў Беларусь тавараў і паслуг на 1 млрд 710 млн еўра, а імпартавала на 1 млрд 400 млн еўра. У 2022 годзе польскі экспарт павялічыўся да 1 млрд 820 млн еўра, а імпарт з Беларусі знізіўся да 1 млрд еўра.
У 2023 годзе экспарт Польшчы ў Беларусь вырас да 2 млрд 730 млн еўра, а вось імпарт склаў усяго 438 млн еўра. Гэта было звязана ў першую чаргу з санкцыямі, што моцна абмежавалі пастаўкі цэлых груп тавараў, якія раней займалі вядучыя пазіцыі ў гандлі з Беларуссю.
Сярод наменклатуры ў экспарце ЕС на беларускі рынак вядучыя пазіцыі займаюць транспартныя сродкі, запчасткі, рознага роду абсталяванне, фармацэўтычныя прэпараты і медыцынскае абсталяванне. У сваю чаргу ў ЕС з Беларусі завозіцца ізаляваны провад, адходы харчовай прамысловасці, для прыкладу, раслінны жмых, рапсавы алей, мэбля, свінец, шкло, шкляная тара і посуд.
вс