Беларуская Служба

«Слугі народу» перамагаюць на ўкраінскіх выбарах

19.07.2019 16:23
Ва Украіне завяршаецца перадвыбарчая кампанія кандыдатаў у Вярхоўную Раду.
Аўдыё
  • Ва Украіне завяршаецца перадвыбарчая кампанія кандыдатаў у Вярхоўную Раду
Парламенцкія выбары ва УкраінеEPA/SERGEY DOLZHENKO Dostawca: PAP/EPA

Заўтра ў краіне запануе выбарчая цішыня, а ў нядзелю ўкраінцы пойдуць галасаваць за новы склад парламенту. Найбольшай папулярнасць цяпер карыстаецца партыя «Слуга народа».
Цяперашнія парламенцкія выбары ва Украіне маюць датэрміновы характар. Новыя выбары абвесціў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас сваёй інагурацыі 20-га траўня. 21-га траўня Зяленскі падпісаў указ пра роспуск Вярхоўнай Рады, і прызначыў датэрміновыя парламенцкія выбары на 21-га ліпеня. Дэпутаты абскардзілі гэтае рашэнне, але Канстытуцыйны суд прызнаў яго законным. 19 чэрвеня пачалася выбарчая кампанія.
Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў 22 партыі да ўдзелу ў выбарах. Яны змагаюцца за 225 дэпутацкіх месцаў, якія абіраюцца па партыйных спісках. Яшчэ 199 дэпутатаў абіраюцца ў аднамандатных акругах.
Напярэдадні выбараў бясспрэчным лідарам рэйтынгаў з'яўляецца партыя «Слуга народа». За дадзеную партыю гатовыя галасаваць 34% украінцаў. Партыю падтрымлівае прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.
Уладзімір Зяленскі: Палітычная партыя, ад якой я вельмі добра стаўлюся, абавязкова ўсіх пераможа, і тады мы, і толькі тады мы зможам зрабіць нармальны парламент і абраць урад прафесіяналаў.
Прэзідэнт не называе партыю, але выбарчая кампанія партыі «Слуга народа» шмат у чым, нагадвае нядаўнюю кампанію Зяленскага на прэзідэнцкіх выбарах. Вельмі падобная сімволіка, і нават лозунг. Адзіная розніца, што замест «Прэзідэнт – слуга народа», цяпер гучыць «Дэпутат – слуга народа».
На другое месца ў Вярхоўнай Радзе можа разлічваць прарасейская партыя «Апазіцыйная платформа – За жыццё» Вадзіма Рабіновіча ды Юрыя Бойка. Партыя можа атрымаць каля 12% галасоў і заклікае да міру і збліжэння з Расеяй.
Вадзім Рабіновіч: Пяць год наша краіна знаходзіцца ў тупіку, у крыві ды ў вайне. Пяць год у нас эканамічная разруха. Мы – вялікая краіна, якая павінна была стаць лакаматывам Еўропы, сёння гібее на апошніх месцах у рэйтынгах свята. Як мы да такога дайшлі. На гэтае пытанне мы павінны адказаць на гэтых выбарах. Чаму. У нядзелю мы павінны выбраць: мір або вайну.
На трэцім месцы па папулярнасці партыя «Бацькаўшчына», якую ўзначальвае Юлія Цімашэнка. Яна ідзе на выбары з лозунгам нацыянальнай кааліцыі ў парламенце.
Юлія Цімашэнка: Трэба неадкладна дзейнічаць. Дзеля гэтага трэба не дзяліцца, хто гожы, а хто паганы, а трэба сабраць нацыянальную каманду ў парламенце. Сабраць кааліцыю дзей, а ня мрояў, ня нейкіх недалічаных праектах, што немагчыма ажыццявіць. Трэба прафесійна дзейнічаць.
З ёй спаборнічае партыя «Еўрапейская салідарнасць» Пятра Парашэнка. Тут галоўны перадвыбарчы лозунг – гэта Еўраатлантычная Украіна. Гаворыць кандыдат у народныя дэпутаты ад партыі Ахтэм Чыйгоз.
Ахтэм Чыйгоз: Накіраванасць для нашай дзяржавы адна – у еўрапейскія інстытуты, у бок да еўраатлантычнай інтэграцыяй. Унутры краіны мы зрабілі тое, што не змаглі іншыя за 25 год. Мы сышлі ад савецкага мінулага, ад Расеі, заклалі фундаментальныя каштоўнасці нашай дзяржавы.
Шанец прайсці 5% выбарчы парог мае яшчэ партыя «Голас», якую заснаваў вядомы ўкраінскі музыка, саліст гурта «Акіян Эльзы» Святаслаў Вакарчук. За гэтую партыю гатовыя галасаваць ад 5,4% да 6,8% украінцаў. Партыя заклікае Украіну змяняцца ды жыць па фактах.
Святаслаў Вакарчук: Не існуе рэцэпту поспеху, які мы можам узяць ад нейкай краіны. Маўляў у Скандынавіі сацыяльна арыентаваная эканоміка, давайце ва Украіне пабудуем такую самую. Альбо ўзяць вольны рынак як з Ганконгу ці ЗША. Так не працуе. Партыя «Голас» мае важны прынцып, што палітыку трэба будаваць на фактах.
Рэшта партый маюць слабую падтрымку, мне чым 5%. 11% украінцаў дагэтуль не вызначыліся, за каго хочуць галасаваць.
Юры Ліхтаровіч