Беларуская Служба

Назіраецца заняпад палітычных партыяў беларускай апазіцыі

14.08.2019 10:04
Выключэнне з шэрагаў Гродзенскай АГП каментуе палітолаг П. Усаў. Таксама іншыя тэмы ў аглядзе.
Аўдыё
Павал Усаўradyjo.net

Сёння ў палітычным люстэрку не толькі палітычная, але таксама і грамадская тэматыка. Але пачнём з палітыкі. Палітрада АГП прыняла рашэнне выключыць з сваіх шэрагаў Мікалая Саляніка, які ўзначальваў Гродзенскую абласную структуру партыі.

Справа ў тым, што Салянік быў абраны гродзенскім кіраўніком незарэгістраванага Беларускага нацыянальнага кангрэсу, які ўзначальвае Мікалай Статкевіч. Кіраўніцтву АГП такое сумяшчэнне пасадаў не спадабалася. Палітолаг Павел Усаў адзначае, што беларускае грамадства амаль нічога не ведае пра дзейнасць апазіцыйных партый у Беларусі. У іх не прыходзяць новыя члены, а старыя пакідаюць шэрагі груповак, агулам партыі паміраюць.

- Сітуацыя не толькі ў АГП, ва ўсіх партый крызісная і крытычная. Яны не прывабліваюць новых чальцоў, наадварот, члены шукаюць магчымасці падпрацаваць у іншых праектах. Рашэнне старшыні гарадзенскай арганізацыі звязана з меркантыльнымі прычынамі, бо заўсёды прэзідэнцкія ці парламенцкія кампаніі ствараюць чальцам магчымасць падзарабіць. Палітычныя партыі паміраюць, часам адбываюцца такія ўсплёскі, якія сведчаць пра заняпад.

З іншых тэмаў тыдня: у Беларусі палічылі нарказалежных пацыентаў. Іх 7,7 тысячы, гэта не агульная колькасць наркаманаў у краіне, а толькі тыя, хто праходзіць лекаванне. Гэта шмат, ці мала, і ці па гэтай лічбе можна судзіць пра агульную колькасць наркаманаў? На думку нашага каментатара, ніхто гэтую лічбу не назаве, але можна прагназаваць, што колькасць наркаманаў будзе расці.

Апошнімі днямі стала таксама вядома, што ядзернае паліва для Беларускай АЭС прывязуць да 1 кастрычніка. Першы энергаблок станцыі гатовы ўжо на 95% і ў бліжэйшы час пачнуцца выпрабаванні рэактарнай устаноўкі. Так што не ўдалося затрымаць будаўніцтва АЭС, якая прынясе краіне нямала праблем, між іншым пытанне захоўвання адпрацаванага паліва, – кажа Павел Усаў.

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Палітычнае люстэрка