Беларуская Служба

Упаўнаважаная польскага прэм’ера закранула ў Беларусі важныя пытанні

19.08.2019 11:01
Анна Шміт-Радзевіч сустрэлася з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, Каталіцкага касцёла і польскай меншасці.
Аўдыё
  • Анна Шміт-Радзевіч сустрэлася з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, Каталіцкага касцёла і польскай меншасці.
  -          .
Міністр Анна Шміт-Радзевіч усклала кветкі да Катынскага крыжа і на магілах абаронцаў Гродна.Włodzimierz Pac/Polskie Radio

Надоечы ў Сурконтах, на паўночным захадзе Беларусі, прайшлі ўрачыстасці, звязаныя з 75-й гадавінай бітвы паміж падраздзяленнямі Арміі Краёвай і войскамі савецкага НКУС.

Мерапрыемства адбылося на могілках салдат Арміі Краёвай. У ім прынялі ўдзел ветэраны Арміі Краёвай, актывісты Саюза палякаў Беларусі, а таксама важны госць з Польшчы, то бок упаўнаважаная польскага прэм'ера па пытаннях міжнароднага дыялогу Анна Шміт-Радзевіч (Anna Schmidt-Rodziewicz).

Міністр усклала вянок да помніка польскім ахвярам бітвы пад Сурконтамі і прачытала ліст ад кіраўніка польскага ўраду Матэвуша Маравецкага (Mateusza Morawieckiego). Яна падзякавала таксама мясцовым палякам за клопат аб магілах польскіх жаўнераў.

Мы не маем права жыць без гістарычнай праўды, пра якую трэба гаварыць уголас, а часта нават крычаць. Мы, палякі, якія пражываем у Польшчы, а таксама Вы – нашыя дарагія суайчыннікі з даваенных тэрыторыяў Польшчы, а таксама любога кутка Еўропы і свету – гэта вялікі і ганарлівы 60-мільённы народ. Мы ёсць і заўсёды будзем разам, паколькі варта быць палякам”, - заявіла Анна Шміт-Радзевіч.

Старшыня непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс падзякавала ўладам Польшчы за ўздыманне ў перамовах з беларускімі палітыкамі важных для польскай меншасці пытанняў.

Мы заўсёды выказваліся за дыялог, але за такі дыялог, які не будзе абмінаць гістарычнай праўды. Гістарычная праўда – гэта падмурак ўзнікнення двухбаковых адносінаў. Мы клапоцімся пра гэтую гістарычную праўду ў гонар Айчыны”, - заявіла Анжаліка Борыс.

У бітве за Сурконты загінулі 35 жаўнераў Арміі Краёвай і ўтрая больш савецкіх салдат. Сярод забітых быў вядомы камандзір Арміі Краёвай падпалкоўнік Мацей Каленкевіч (Maciej Kalenkiewicz).

Актывіст Саюза палякаў у Беларусі Анджэй Пачобут лічыць, што арганізаванне памятных мерапрыемстваў на польскіх мемарыяльных месцах важнае для выхавання маладога пакалення палякаў, якія жывуць у Беларусі.

Для нас гэта важна, што мы можам паказаць маладому пакаленню, кім былі іх прадзеды, за што змагаліся, і як загінулі. Паводле мяне, гэта частка нашай нацыянальнай ідэнтычнасці”, - лічыць Анджэй Пачобут.

Актывіст Саюза палякаў Беларусі адзначыў, што ў першыя гады незалежнасці Беларусі ў Сурконтаху дзякуючы намаганням польскай супольнасці ўдалося стварыць месца для годнага пахавання жаўнераў Арміі Краёвай.

Удзел ва ўрачыстасцях у Сурконтах не быў адзіным пунктам і мэтай візіту ўпаўнаважанага прэм’ера Польшчы па справах міжнароднага дыялогу ў Беларусі.

Днём раней Анна Шміт-Радзевіч усклала кветкі да Катынскага крыжа і на магілах абаронцаў Гродна на мясцовых ваенных могілках. Міністр таксама прыняла ўдзел ва ўрачыстасці, прысвечанай святу Войска Польскага, якую арганізаваў Саюз палякаў Беларусі.

Прадстаўніца польскага прэм’ера не ўтойвала, што прыбыла ў Беларусь закранаць складаныя справы двухбаковых адносінаў.

Калі мы хочам працягваць станоўчыя двухбаковыя кантакты і будаваць пазітыўныя адносіны паміж нашымі краінамі, то адным з ключавых элементаў з’яўляецца стаўленне беларускіх уладаў да нашых суайчыннікаў, то бок польскай меншасці ў Беларусі”, - сказала польскі міністр.

Анна Шміт-Радзевіч сустрэлася з гродзенскімі ўладамі і размаўляла з упаўнаважаным ураду Беларусі па пытаннях рэлігійных канфесій і меншасцей Леанідам Гулякам.

Вядучай тэмай гэтых перамоў былі пытанні польскай меншасці, пытанні, звязаныя з адукацыяй, статусам Саюза палякаў Беларусі і становішчам Каталіцкага касцёла ў Беларусі. Я думаю, што гэта пачатак далейшых перамоў”, - сказала міністр.

Анна Шміт-Радзевіч падкрэсліла, што справа польскай меншасці знаходзіцца ў цэнтры ўвагі польскага ўраду.

Мы будзем закранаць тыя пытанні, якія застаюцца нявырашанымі ўжо шмат гадоў. Без гэтага мы не ўяўляем сабе далейшага ўмацавання адносін. Я думаю, што і беларускі бок павінен быць у гэтым зацікаўлены”, - сказала міністр.

Паводле старшыні СПБ Анджалікі Борыс, візіт прадстаўніка польскага ўраду ў Беларусь вельмі важны, паколькі паказвае, што польскія ўлады клапоцяцца пра справы польскай меншасці.

Мы вельмі рады, што міністр узняла гэтае пытанне і пачала дыялог з беларускімі ўладамі адносна легалізацыі Саюза палякаў Беларусі і выкладання польскай мовы. Калі не звяртаць увагі на гэтыя важныя пытанні, то яны проста не вырашацца”, - падкрэсліла Анджаліка Борыс.

Першым пунктам візіту міністра Анны Шміт-Радзевіч у Беларусь была сустрэча з галавой Каталіцкага касцёла у Беларусі арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

Падчас візіту закраналіся, між іншым, такія справы, як легалізацыя СПБ, пытанне польскай адукацыі й сітуацыі Каталіцкага касцёла ў Беларусі, а таксама маёмасці СПБ.

Уладзімір Пац/аз