Беларуская Служба

Выбары ў Польшчы: партыі спаборнічаюць на абяцанні «лепшага жыцця»

30.09.2019 15:30
Да парламенцкіх выбараў у Польшчы засталося менш чым два тыдні.
Аўдыё
  • Тэмпература палітычных спрэчак і дыскусіі расце ў Польшчы
Старшыня партыі "Права і справядлівасць" Яраслаў КачыньскіPAP/Paweł Supernak

Тэмпература палітычных спрэчак і дыскусій расце, гучаць шматлікія абяцанні. Што галоўныя палітычныя сілы краіны прапануюць выбарцам?

Сёлета перадвыбарная кампанія ў Польшчы кароткая. Выбары адбудуцца 13 кастрычніка, а актыўная перадвыбарчая барацьба вядзецца з пачатку верасня. Лідары партый раз'ехаліся па краіне, дзе яны сустракаюцца як з выбарцамі, так і з палітычным актывам.

Галоўным прэтэндэнтам на перамогу зʼяўляецца кааліцыя «Аб’яднаныя правыя сілы» на чале з кіроўнай партыяй «Права і справядлівасць» (ПіС). 44% палякаў гатовыя галасаваць за дадзеную кааліцыю. На днях старшыня ПіС Яраслаў Качыньскі наведаў заходнія рэгіёны Польшчы, дзе ў Шчэціне праходзіў Зʼезд рэгіянальных аддзелаў партыі. Палітык казаў, што галоўны пастулат партыі на выбары – павысіць узровень жыцця палякаў, каб яны жылі не горш, чым у ЕЗ.

Цяпер нам даволі далёка да гэтага. Наш ВУП на асобу складае 71% ад сярэдняеўрапейскага. Праз некалькі гадоў мы павінны выйсці на нямецкі ўзровень, то бок, узровень багатай краіны. Для нас доўгі час гэта недасягальны ўзровень, за выключэннем некалькіх перыядаў у гісторыі. Гэта наша вялікая мэта з перспектывы нават тысячагоддзя нашай гісторыі. Цяпер для нас гэта рэальная мэта.

Галоўнай праблемай для ПіС цяпер зʼяўляецца нізкая мабілізацыя прыхільнікаў партыі. Толькі 39% прыхільнікаў ПіС гатовыя ісці на выбары, тады як 90% электарату канкурэнтаў заяўляюць, што пойдуць на выбары. У звязку з гэтым кіраўнік выбарчага штабу ПіС Ёахім Брудзінскі заклікаў партыю мабілізаваць сваіх прыхільнікаў.

На выбарах перамога даецца не сацапытаннямі, а актыўнасцю. Я вельмі прашу быць актыўнымі, да апошняга дня кампаніі. Мы працуем, мабілізуем людзей, рассылаем гэты кліп да як мага большай колькасці людзей, тых, хто думае, што ягоны голас не лічыцца. Лічыцца! Адзін голас можа паўплываць на выбар дэпутата, а тысячы дадуць перамогу на выбарах.

Другой палітычнай сілай па папулярнасці сярод выбарцаў зʼяўляецца Грамадзянская кааліцыя цэнтраправых сілаў. За яе гатовыя галасаваць 26% палякаў. Палітыкі гэтага лагеру абяцаюць палякам палепшыць функцыянаванне дзяржаўных інстытутаў і больш клапаціцца пра сям’ю. Кандыдат на пасаду прэм’ера ад ГК Малгажата Кідава-Блонска выклікала лідара ПіС на дэбаты пра сямейную палітыку ў Польшчы.

Тэма сям’і – найважнейшая, на гэтым базуецца наша грамадства. Праз гэтую перспектыву бачныя, як пад лупай, праблемы са школай, аховай здароўя, з жытлом і працам. Гэта ўсё закранае сем’ю, нашу агульную каштоўнасць. Большасць палякаў хацелі б дэбаты на гэтую тэму. Я спадзяюся, што старшыня кіроўнай партыі пагодзіцца на гэта.

Трэцім па папулярнасці ідзе Саюз левых сілаў, за яго гатовыя галасаваць 11% выбарцаў. Дадзеная партыя кажа пра тое, што за апошнія гады палякі сталі бядней жыць, маюць горшыя паслугі, асабліва ў медычным сектары. Партыя абяцае змяніць гэта за бліжэйшыя чатыры гады, кажа кандыдат у дэпутаты ад левых сіл Дарыюш Стандэрскі.

Мы кажам, што трэба ў першую чаргу павысіць заробкі для ўсяго медычнага персаналу ў Польшчы, уключна з ратаўнікамі ды лабарантамі. У нас ёсць план, каб цягам 6 бліжэйшых год павялічыць колькасць лекараў у Польшчы на 50 тысяч, таксама палепшыць абсталяванне рэгіянальных ды універсітэцкіх шпіталяў.

Паводле апошніх сацыялагічных апытаннях, у Сэйм можа трапіць яшчэ Польская сялянская партыя, якая ідзе на выбары адным спісам з Рухам «Кукіз-15». За іх гатовыя галасаваць 6,1% палякаў. Дадзеная партыя ідзе да выбарцаў з абяцаннямі прыспешыць рэгіянальнае развіццё, у першую чаргу, праз інвестыцыі ў транспартную інфраструктуру. Гаворыць старшыня партыі Уладзіслаў Касіняк-Камыш.

Мы лічым, што спачатку трэба адрамантаваць вакзалы ў малых мястэчках и пусціць цягнікі ўсюды, дзе магчыма. Гэта экалагічны транспарт, калі спалучэнні электрыфікаваныя. Важна праводзіць электрыфікацыю. Мы робім стаўку на чысты транспарт. Трэба згадаць пра такую ідэю, як «фуры на рэйкі», яе пакуль не рэалізавалі. На польскіх дарогах шмат фур, а чыгуначная інфраструктура не выкарыстоўваецца.

На гэтым тыдні палітыкі завяршаюць паездкі па краіне. Апошнія тыдні яны будуць змагацца за ўвагу выбарцаў праз рэкламныя ролікі ды тэлевізійныя дэбаты. Парламенцкія выбары пройдуць у Польшчы 13 кастрычніка. Партыя-пераможца будзе фармаваць урад, якія пакіруе Польшчай наступныя 4 гады.

Юры Ліхтаровіч