Беларуская Служба

Крэмль баіцца праўды

11.10.2019 16:15
Так намесніца маршалка польскага Сэйму Малгажата Гасеўска пракаментавала прызнанне яе persona non grata у Расіі.
Аўдыё
  • Малгажата Гасеўска пра Расію
Прэзідэнт Расіі Уладзімір ПуцінEPA/MICHAEL KLIMENTYEV /SPUTNIK/Dostawca: PAP/EPA.

Палітык распавяла Польскаму радыё пра тое, як трэба ставіцца да гэтай краіны.

Малгажата Гасеўска знаходзіцца з афіцыйным візітам у Чыкага, дзе сустракалася з польскай дыяспарай у ЗША. Адным з пунктаў праграмы быў прагляд фільму «Сяброўства ў ценю Крамля. Заўтра Украіна», які распавядае пра падзеі на Майдане і Данбасе ў 2014-м годзе, пра напад Расіі на Украіну.

Віцэ-маршалак Сэйму Малгажата Гасеўска сказала ў размове з Польскім радыё, што нядаўняе прызнанне яе persona non grata на тэрыторыі Расіі – гэта помста Крамля за яе палітычную дзейнасць на карысць дэмакратызацыі краін Усходняй Еўропы.

- Гэта рэакцыя на маю прынцыповасць, паслядоўнасць у дзеяннях. Упершыню я даведалася пра тое, што яны рэагуюць на маю дзейнасць у 2010-м годзе, калі маё прозвішча ў расейскай памежнай сістэме засвяцілася чырвоным колерам. Тады мяне не хацелі выпусціць з Расіі пасля Смаленска, калі я паехала з Яраславам Качыньскім забраць цела прэзідэнта, якое нам не аддалі. Тады ўпершыню я даведалася, што нешта дзеецца. Пасля таго мне ўдалося шмат зрабіць, у першую чаргу справаздачу пра сапраўдны твар пуцінскай Расіі – злачынствы, якія яны працягваюць здзяйсняць. Толькі глабальная салідарнасць іх спыніць.

Ня ўсе гэта разумеюць у Еўропе, кажа віцэ-маршалак Сэйму.

- Еўрапейскія палітыкі перакананыя, што з Расіяй можна размаўляць. Што гэта партнёр, з якім можна падпісваць пагадненні, дамаўляцца пра нешта. Не. Яны павінны зразумець, што Расейская Федэрацыя лічыцца толькі з сілай. Для іх той, хто размаўляе, трымаецца дыпламатыі – гэта слабы праціўнік. Яны з такім не лічацца.

У звязку з гэтым палітык пераканана, што да Расіі трэба ставіцца інакш. З Крамлём трэба размаўляць ня мовай саступак, а жорсткіх абмежаванняў.

- Мы мусім глядзець на Расію не як еўрапейскія палітыкі, а глядзець рэальна, праз прызму канкрэтных дзеянняў. Гэта 2008 год хоць і кароткая, але вельмі драматычная вайна ў Грузіі, захоп блізу 1/3 тэрыторыі Грузіі. Надалей тыя землі акупаваныя, там нічога не змянілася. Там застаюцца расейскія вайсковыя базы і вельмі цяжкая сітуацыя тамтэйшых жыхароў. Грузія была ў некаторым сэнсе тэстам для свету і Еўропы, які мы не прайшлі. Таму Пуцін пайшоў далей. Калі яго не абмяжоўваць не ставіць бар’еры, ён успрымае гэта як дазвол. Ён пайшоў далей, захапіў частку Украіны – Данбас і Крым. Гэтая вайна не спыняецца, хаця мы мала пра яе гаворым. Там увесь час гінуць людзі, там ідуць абстрэлы дамоў, там застаюцца ваеннапалонныя. Трэба памятаць яшчэ, што тое самае цяпер Расійская федэрацыя робіць са сваймі грамадзянамі, якія пратэстуюць супраць таго, што дзеецца.

У сённяшняй міжнароднай сітуацыі, перакананая віцэ-маршалак Сэйму, Польшча павінна рабіць стаўку на наладжванне адносін з дыяспарай ды ўмацаванне польскай тоеснасці.

- Часта здараецца так, што польская моладзь магла б вучыцца той самасці за межамі краіны. Вельмі атмасферныя сустрэчы адбываюцца з суайчыннікамі на Ўсходзе, дзе доўгія гады польскасць была забаронена, дзе не было польскіх школ, не было магчымасцяў вывучэння польскай мовы. Адзіным месцам, дзе тая самасць захавалася – былі сем’і, абмежаваныя домам. Але тоеснасць захавалася. Таксама польскасць захавалася ў Паўднёвай Амерыцы, у Бразіліі, у Аргентыне, дзе мова не захавалася, але застаюцца традыцыі, жыве пачуццё нацыянальнай самасці. Польскі дух жыве ў дыяспары, я адчуваю гэта на кожным кроку.

Палякі – народ, які не цэніць тое, што мае, кажа палітык. Сёння Польшча мае вельмі шмат.
Трэба дзякаваць дыяспары, што так падтрымлівае польскую самасць, што ня важна, дзе мы жывем, як далёка ад бацькаўшчыны, важна, каб мель польскую тоеснасць у сэрцы ды перадаваць яе наступным пакаленням. Усе мы адна вялікая сям’я. Хай раскіданая па свеце, але яднае нас любоў да Польшчы.

Пётр Арлоўскі/Юры Ліхтаровіч