Беларуская Служба

Міністэрства клімату Польшчы зоймецца электрамабільнасцю ды барацьбой са смогам і пластыкам

21.11.2019 14:30
Стварэнне Міністэрства клімату можа быць спосабам польскага ўраду справіцца з выклікамі, якія неўзабаве паявяцца перад Польшчай.
Аўдыё
Міністар клімату Міхал КуртыкаPAP/Radek Pietruszka

У Польшчы паявілася новае Міністэрства клімату. Яно раздзеліць абавязкі з існуючым Міністэрствам аховы навакольнага асяроддзя. Новы міністр клімату Міхал Куртыка заявіў, між іншым, пра барацьбу са смогам і пластыкам, а таксама пра развіццё электрычнага транспарту. 

Пад канец кастрычніка ў Польшчы адбыліся парламенцкія выбары, а пасля іх быў пакліканы новы ўрад. Прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі прыняў рашэнне аб утварэнні некалькіх новым ведамстваў. Адным з іх стала Міністэрства клімату. Міністр Міхал Куртыка расказваў на хвалі Польскага радыё пра мэты новага міністэрства.

- Міністэрства клімату з’яўляецца ведамствам, якое збудаванае на базе пэўных амбіцый, але таксама раней пабудаваных фундаментаў. Па-першае, амбіцыі, каб якасць жыцця палякаў паставіць у цэнтр працы міністэрства. Гэта якасць паветра, якім мы дыхаем, пытанне матэрыялаў, якімі мы карыстаемся. Гэта пытанне смецця, колькасць якога мы б хацелі змяншаць, але таксама сегрэгацыя. Я казаў пра фундаменты, бо шмат было зроблена. Мы стварылі шэраг праграм, калі казаць пра якасць паветра, пра электрамабільнасць. Вялікім зацікаўленнем карыстаецца праграма «Мая электраэнергія», то бок магчымасць інсталяцыя фотавальтаікі на дамах. Мы б хацелі гэтыя праграмы працягваць і пашыраць. Для гэтага служыць Міністэрства клімату.

Адной з гарачых тэм у польскім грамадстве з’яўляецца аплата за смецце, якая ў большасці польскіх гмін рэзка вырасла ці вырасце ў наступным годзе. Паводле Міхала Куртыкі, пытанне адкідаў – адно з найважнейшых для яго ведамства.

- Мы будзем інтэнсіўна працаваць над тым, каб змяншаць колькасць адкідаў. Я б хацеў увесці прынцып пашыранай адказнасці вытворцы. Мы б хацелі паставіць вытворцаў перад выбарам, на колькі яму аплочваецца выпускаць большую колькасць адкідаў. Для гэтага ім трэба надаць пэўную вартасць. Сёння праблема заключаецца ў тым, што пластыкавую ці шкляную бутэльку выкідваюць, бо яны не маюць вартасці. Калі мы створым сістэму, якая надасць вартасць гэтай сыравіне, то мы не толькі зменшым кошты цэлай сістэмы, але, выкарыстоўваючы эканамічную матывацыю, прымусім вытворцаў да таго, каб рабіць экалагічныя ўпакоўкі, якія будзе лёгка перапрацаваць.

Урад Польшчы звяртае ўвагу на неабходнасць развіцця электратранспарту. Першая частка польскага плану развіцця электрамабільнасці засяроджваецца на тым, каб пераканаць палякаў выбіраць электрычны транспарт. Міністр Куртыка адзначае, што гэта адбываецца пры дапамозе развіцця інфраструктуры. Першы этап павінен закончыцца да канца 2020 году. Цяпер на польскіх дарогах ёсць 1500 зарадных станцый, з іх каля 250 хуткіх. Была створаная мапа, на якой пазначаная даступнасць станцый. Па словах міністра, іх колькасць будзе расці сапраўды хутка. У год палякі рэгіструюць няшмат, бо 1500 электрамабіляў на 500 тысяч аўто.

- Але гэта тэндэнцыя, якая вельмі хутка расце. Калі мы тры гады таму распачыналі праграму развіцця электрамабільнасці, то ў цэлым свеце электрамабіляў быў мільён, цяпер іх пяць мільёнаў штук. Гэта сапраўды параўнальна невялікая колкасць, але трэба ў першую чаргу звяртаць увагу на дынаміку. Праблемай была адсутнасць такім аўтамабіляў. Калі пайсці ў салон, то, хутчэй за ўсё, кіроўцу запрапануюць аўтамабіль з дызельным рухавіком. Але электракараў сапраўды будзе ўсё больш, паколькі вялікія канцэрны, але і невялікія гульцы прызналі, што ад гэтага напрамку не ўцячы. Таму ўсё больш грошай інвестуецца ў новыя мадэлі. Калі тры гады таму даступныя былі некалькі дзясяткаў мадэляў, то ў 2020 годзе іх абяцаюць каля 200. Зробленыя канцэрнамі інвестыцыі прычыняцца таксама да таго, што электрамабілі будуць усё больш танныя. Мы зможам карыстацца вялікім спектрам мадэляў.

Міхал Куртыка адзначыў, што надзвычай важным з’яўляецца тэхналагічная тэндэнцыя. Зніжаецца кошт вытворчасці акумулятараў, якія маюць галоўны ўплыў на цану такога аўтамабіля.

Міністэрства клімату будзе працаваць над тым, каб экалагічныя формы транспарту раслі:

- Думаю, што палякі хочуць павысіць якасць жыцця. Я б хацеў, каб Міністэрства клімату было ў самым сэрцы гэтых памкненняў, экалагічнага падыходу да жыцця. Каб выкарыстоўваць рэсурсы планеты мудра. Нашая цывілізацыя нарабіла клопату, шмат чаго змарнавала, і гэта бачна голым вокам.

Сярод экспертаў чуваць галасы, што стварэнне Міністэрства клімату можа быць спосабам польскага ўраду справіцца з выклікамі, якія неўзабаве паявяцца перад Польшчай. Бліжэйшыя гады ў Еўразвязе пройдуць пад знакам сур’ёзных спрэчак аб клімаце і навакольным асяроддзі.

ав