Беларуская Служба

Лідары краін-членаў НАТА спрабуюць дамовіцца наконт напрамкаў развіцця альянсу

04.12.2019 13:44
Галоўная тэматыка падчас перамоваў датычыць будучыні пакту, выдаткаў на абаронную палітыку і адносінаў з Расіяй ды Кітаем.
Аўдыё
  • У Вялікабрытаніі сустрэліся лідары краін НАТА
    70-
Удзельнікі сустрэчы з нагоды 70-годдзя НАТАPAP/EPA/PETER NICHOLLS / POOL

У Вялікабрытаніі пачаліся афіцыйныя перамовы прадстаўнікоў дзяржаваў, якія ўваходзяць у склад Паўночна-атлантычнага альянсу. Падрабязнасці ведае нг

Саміт НАТА ў Вялікабрытаніі зладжаны з нагоды 70-годдзя альянсу. Аднак святкаванне азмрочана спрэчкамі палітыкаў, між іншым, прэзідэнтаў ЗША, Францыі і Турцыі. Перамовы праходзяць пад Лонданам, у горадзе Уотфорд (Watford). На іх прыбылі лідары дзяржаў, які ўваходзяць у склад альянсу. Галоўная тэматыка падчас перамоваў датычаць перш за ўсё будучыні пакту, выдаткаў на абаронную палітыку і адносінаў з Расіяй ды Кітаем. Пасля першых, неафіцыйных сустрэч, польскія СМІ пад такімі загалоўкамі каментуюць перамовы аб будучыні пакту: «Рэанімацыя пасля клінічнай смерці», «Хаўрус нязгоды», «Саміт НАТА. Хто цяпер страсяне саюзам?». Заявы старшыні Енса Столтэнблерга пра адзінства пакту нічога не мяняюць, чальцы НАТА цягнуць пастронкі кожны ў свой бок, а лідары важнейшых дзяржаў з’едліва кажуць пра іншых. Напрыклад, амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп заявіў, што Эманюэлю Макрону (прэзідэнту Францыі) ахова патрэбная больш, чым каму-небудзь іншаму, а ён пры гэтым парывае з НАТА.

Сёння прэзідэнт Францыя паўтарыў свае ранейшыя словы пра «мазгавую смерць НАТА». Эманюэль Макрон мяркуе, што яго жорсткае выказванне дазволіла распачаць сур’ёзную дыскусію пра будучыню альянсу.

- Я падтрымліваю свае словы цалкам. Яны дазволілі нам пачаць сур’ёзнае і адказнае абмеркаванне. Мы павінны падумаць, што зрабіць, каб у Еўропе не было вайны. Мы павінны правесці дэбаты на шматлікія тэмы, напрыклад, пра канец Дамоўленасці аб ракетах сярэдняга і малога радыусу дзеяння, пра тое, хто наш сябар, а хто – вораг, як рэагаваць на міжнародны тэрарызм. Ёсць іншыя важныя справы, якія дагэтуль не былі абмеркаваныя, скажам, фінансы. Гэта наш абавязак, каб размаўляць на балючыя тэмы і пачаць стратэгічныя дэбаты. Гэта пачалося, і я вельмі цешуся.

Для Польшчы моцная і баяздольная абарончая арганізацыя жыццёва важная. Таму задача прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды – пераканаць сваіх калегаў з іншых дзяржаў, што варта пераступіць праз асабістыя спрэчкі і супрацоўнічаць у імя бяспекі Еўропы ды іншых частак свету. Учора, яшчэ перад пачаткам саміту, Анджэй Дуда выступіў з прамовай пра важнасць НАТА для бяспекі польскай дзяржавы ды іншых краін нашага рэгіёну. Сёння ён таксама казаў, на колькі важным для яго дзяржавы было рашэнне пра ўваход у альянс 20 гадоў таму.

- Рашэнне пра ўваход Польшчы ў Паўночна-атлантычны альянс было для Польшчы вельмі важным. Мы шчаслівыя, што з’яўляемся часткаю самага важнага хаўрусу на свеце, які гарантуе свабоду і бяспеку.

НАТА стараецца вырашыць канфлікт з Турцыяй, які датычыць планаў патэнцыйнай абароны Польшчы і краін Прыбалтыкі. Турцыя адмовілася адобрыць гэтыя планы, калі саюзнікі з НАТА не прызнаюць курдскіх партызанаў у Сірыі тэрарыстамі. Учора позна вечарам генеральны сакратар Енс Столтэнберг правёў перамовы на гэтую тэму з турэцкім прэзідэнтам Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. Невядома, ці канфлікт удасца вырашыць, але Столтэнберг заявіў, што Польшча, Літва, Латвія ды Эстонія могуць спаць спакойна, паколькі спрэчны элемент – гэта толькі невялікая змена ранейшых планаў.

- У нас ёсць планы па абароне ўсіх нашых саюзнікаў. Краіны Прыбалтыкі і Польшча не з’яўляюцца выключэннем. Акрамя таго, на месцы, у гэтых дзяржавах, у нас ёсць таксама вайсковыя атрады, у тым ліку, упершыню ў гісторыі, жаўнераў у поўнай баявой падрыхтоўцы.

Акрамя Анджэя Дуды, на саміце павінны прысутнічаць таксама польскія міністры абароны і замежных спраў. Польскі прэзідэнт запрошаны на ўрачысты банкет, які ладзіць Дональд Трамп з палітыкамі тых краін, якія прызначаюць на абарону як мінімум 2% ВУП. З 29 членаў НАТА гэтыя нормы выконваюць 9 краін.