Беларуская Служба

«Уступленне Польшчы ў НАТА было адным з лепшых рашэнняў пасля грамадска-палітычных перамен у 1989 годзе»

23.01.2020 18:06
Высокапастаўленыя польскія чыноўнікі, эканамісты, палітыкі і грамадскія дзеячы прымаюць удзел у Сусветным эканамічным форуме ў Давосе. 
Аўдыё
  • «Уступленне Польшчы ў НАТА было адным з лепшых рашэнняў пасля грамадска-палітычных перамен у 1989 годзе»
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ў ДавосеPAP/Radek Pietruszka

Высокапастаўленыя польскія чыноўнікі, эканамісты, палітыкі і грамадскія дзеячы прымаюць удзел у Сусветным эканамічным форуме ў швейцарскім Давосе. На павестцы дня – не толькі ўдзел у працы мерапрыемства, але таксама сустрэчы з кіраўнікамі замежных урадаў і дзяржаў ды міжнародных арганізацый і кампаній.

У Давосе прысутнічаюць як прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, так і прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі.

Сёлетні форум у вялікай ступені прысвечаны тэме экалогіі і глабальнага пацяплення, хоць удзельнікі прэстыжнага мерапрыемства размаўляюць таксама на іншыя тэмы. Так, Анджэй Дуда прыняў удзел у сесіі, прысвечанай будучыні НАТА. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў падчас дакладу, што ўступленне Польшчы ў НАТА было адным з лепшых рашэнняў пасля грамадска-палітычных перамен у 1989 годзе.

Паводле Анджэя Дуды, прысутнасць Польшчы ў НАТА для палякаў азначае мір, бяспеку, стабільнасць і дабрабыт. Польскі прэзідэнт зазначыў, што НАТА – гэта найлепшая міжнародная арганізацыя, якая адыгрывае важную ролю ў часы крызісаў і пагрозаў. Кіраўнік краіны сказаў, што мэта Польшчы як члена НАТА – умацаванне гэтак званага ўсходняга флангу пакту.

- Польшча і краіны Балтыі размешчаныя на ўсходзе НАТА, таму мы – усходні фланг. Гэта наша асноўная задача – дбаць пра ўсходні напрамак. Але з іншага боку мы павінны памятаць таксама пра іншых членаў пакту, таму што кожны ўдзельнік НАТА ведае, што ў выпадку, калі акажацца ў небяспецы, яму на дапамогу прыйдуць саюзнікі па альянсе.

Перад сесіяй Анджэй Дуда сустрэўся з генеральным сактаратом НАТА Енсам Столтэнбергам. Тэмай размовы абодвух палітыкаў была бяспека ў нашым рэгіёне Еўропы і розныя пагрозы, у тым ліку ў кіберпрасторы. У Давосе Анджэй Дуда знаходзіцца з панядзелку.

Многія ўдзельнікі давоскага форуму звярталі ўвагу на інвестыцыйную прываблівасць Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Па гэтаму пытанню голас узяла пасол Злучаных Штатаў Амерыкі Джарджэт Масбахер. Кіраўнік амерыканскай дыпламатычнай місіі ў Варшаве зазначыла, што Польшча і суседнія краіны маюць вялікі эканамічны патэнцыял.

- Міжнародныя інвестары ідуць у тыя краіны, дзе бачаць для сябе магчымасці развіцця. Актуальна Цэнтральная і Усходняя Еўропы ідуць у напрамку развіцця сваіх эканомік. Таму, паводле мяне, гэтыя краіны з’яўляюцца прываблівымі для інвестараў. І гэтак будзе да моманту, пакуль гэтыя дзяржавы дружалюбна адносяцца да бізнесу.

У падобным тоне выказваўся прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі, які, дарэчы, з эканомікай мае шмат агульнага, таму што цягам многіх гадоў быў звязаны з фінансавым сектарам, у тым ліку ўзначальваў адзін з буйнейшых польскіх банкаў.

Маравецкі зазначыў, што Польшча – ідэальная краіна для капіталаўкладанняў. Прэм'ер сказаў, што ў бліжэйшы час японскія фірмы плануюць заінвеставаць у краіне больш за 250 млн еўра. На днях Маравецкі вярнуўся з Японіі, дзе быў з афіцыйным візітам.

Кіраўнік польскага ўраду дадаў, што больш за 350 млн еўра плануе ўкласці ў польскую эканоміку фармацэўтычны англа-шведскі гігант AstraZeneca – адна з буйнейшых фармацэўтычных кампаній у свеце. На форуме Маравецкі правёў сустрэчу са старшынём праўлення канцэрну. Галава Кабміну Польшчы расказаў, што кампанія AstraZeneca хацела б у Польшчы праводзіць інавацыйныя даследаванні ў галіне медыцыны. Гэта, паводле прэм’ера, дало б працу многім палякам з вышэйшай адукацыяй, таксама тым, хто пакінуў сваю краіну ў пошуках лепшага жыцця.

- Пра гэта я сёння размаўляў са старшынём праўлення кампаніі AstraZeneca. Ён мне сказаў, што інавацыйны падыход Польшчы ў галіне эканомікі стаў для іх аргументам для таго, каб у нас заінвеставаць. А некалькі месяцаў таму я сустрэўся з ім у Стакгольме і падрабязна расказаў пра бізнес у Польшчы ды пра высокакваліфікаваныя кадры ў фармацэўтычнай галіне. І гэта прыносіць вынікі.

Сярод іншых тэм закраналася пытанне энергетычнай бяспекі. Так, падчас выступлення прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заклікаў краіны Еўрасаюзу выкарыстоўваць амерыканскі газ з мэтай менавіта энергетычнай бяспекі.

Акрамя таго, у швейцарскім горным курорце размаўляюць пра абарону біяразнастайнасці нашай планеты, развіццё бізнесу ва ўмовах тэхналагічных і сацыяльных перамен, праблемы службы аховы здароўя, будучыню рынку працы і ўрэгуляванне ваенных канфліктаў у «гарачых кропках».

Форум пачаўся ў панядзелак, а закончыцца ў пятніцу, 24 студзеня.

вс

слухайце аўдыёфайл