Беларуская Служба

«Мы заўсёды будзем памятаць пра геройства Праведнікаў народаў свету, сярод якіх было больш за 7 тыс. палякаў»

27.01.2020 18:22
У былым нямецкім канцлагеры «Аўшвіц – Біркенаў» прайшлі ўрачыстасці, прымеркаваныя да 75-годдзя вызвалення лагера Чырвонай арміяй.
Аўдыё
  • У былым нямецкім канцлагеры «Аўшвіц – Біркенаў» прайшлі ўрачыстасці, прымеркаваныя да 75-годдзя вызвалення лагера Чырвонай арміяй
Анджэй Дуда выступае на ўрачыстасці PAP/Łukasz Gągulski

У былым нямецкім канцлагеры «Аўшвіц – Біркенаў», які знаходзіцца каля польскага горада Асвецім, прайшлі ўрачыстасці, прымеркаваныя да 75-годдзя вызвалення лагера Чырвонай арміяй. У мерапрыемстве ўдзел прынялі прэзідэнты Польшчы, Ізраіля, Украіны, высокапастаўленыя чыноўнікі з іншых дзяржаў, а таксама былыя вязні.

Удзел у жалобным мерапрыемстве прыняло каля 200 былых вязняў, якія прайшлі пекла на зямлі, створанае гітлераўцамі, а таксама больш за 50 дзяржаўных дэлегацый на чале з прэзідэнтамі, прэм’ер-міністрамі і прадстаўнікамі манархій.

Гітлераўцы адкрылі гэтае страшнае месца ў чэрвені 1940 года. Канцлагер быў размешчаны каля Асвенціма ў 60 км ад Кракава. У «Аўшвіц – Біркенаў» адпраўлялі габрэяў, палякаў, савецкіх грамадзян, а таксама прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей. Загінулі ад рук гітлераўскіх катаў больш за 1 млн 100 тыс. чалавек, у пераважнай большасці яўрэяў. Лагер быў вызвалены падраздзяленнямі Чырвонай арміі 27 студзеня 1945 года.

Прафесар Ян Жарын сказаў Польскаму радыё, што ў Польшчы людзі павінны памятаць пра тое, што вязнямі нямецкага лагера былі не толькі яўрэі, але палякі таксама. Некаторыя былі вязнямі гітлераўцаў некалькі гадоў, зазначыў гісторык.

- Сярод удзельнікаў ёсць, напрыклад, яўрэй Эдвард Мосберг, а з іншага боку сярод удзельнікаў урачыстасці, сярод былых вязняў таксама ёсць палякі. Некаторыя былі ў канцлагеры з самага пачатку ажно да вызвалення ў студзені 45-га. І пра гэта мы павінны памятаць.

Перад урачыстасцямі прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда сустрэўся з прэзідэнтам Ізраіля Рэўвенам Рыўлінам. Кіраўнік польскай дзяржавы выказаў шкадаванне з нагоды таго, што на мерапрыемствах у Ерусаліме, якія прайшлі некалькі дзён таму, не было сказана, што Польшча прымала ўдзел у Другой сусветнай вайне на баку саюзнікаў.

Польскі прэзідэнт патлумачыў ізраільскаму лідару прычыны сваёй адсутнасці на Сусветным форуме памяці Галакоста ў ізраільскім інстытуце Яд ва-Шэм.

«Я з вялікім шкадаваннем прыняў да ведама інфармацыю аб тым, што падчас мерапрыемстваў у інстытуце Яд ва-Шэм не было сказана пра польскі ўдзел у барацьбе з нацыстамі, адказнымі за Галакост. Таму я як прэзідэнт Рэспублікі Польшча не мог там прысутнічаць», – сказаў кіраўнік польскай дзяржавы. Адначасова ён падзякаваў прэзідэнту Ізраіля за прыезд на 75-ю гадавіну вызвалення кацлагера.

- Я дзякуй вам за прыезд! Гэта знак памяці, гэта таксама пратэст супраць бесчалавечных адносін да людзей, супраць нянавісці, супраць усіх прыкладаў варожасці, асабліва варожасці на расавай глебе, супраць антысемітызму.

У сваю чаргу Рэўвен Рыўлін падзякаваў палякам за іх заангажаванне ў барацьбе са злом падчас Другой сусветнай вайны.

- Мы заўсёды будзем памятаць пра геройства Праведнікаў народаў свету, сярод якіх было больш за 7 тыс. палякаў. Яны пад пагрозай свайго жыцця і жыцця сваіх сем’яў ратавалі яўрэяў.

Анджэй Дуда таксама нагадаў, што ў шэрагах Войска Польскага на ўсіх франтах Другой сусветнай вайны ваявалі таксама яўрэі, грамадзяне Польшчы. Ён дадаў, што пра гэта сведчаць магілы на польскіх вайсковых могілках, адзначаныя Зоркай Давіда.

27 студзеня, у дзень вызвалення «Аўшвіц – Біркенаў», адзначаецца Міжнародны дзень памяці Галакоста. У сувязі з гэтым на вуліцы Варшавы выйшаў рэтра-трамвай з Зоркай Давіда. Трамвай ходзіць пусты па вуліцах, якія некалі былі ў Варшаўскім гета. Рэтра-трамвай – гэта прыклад памяці аб габрэях, якія некалі жылі ў Варшаве і якія былі знішчаныя немцамі падчас вайны, гаворыць кіроўца трамвая Бартламей Годзіш.

- Трамвай ходзіць пусты, без пасажыраў, бо пасажыры былі знішчаныя падчас вайны. Гэта сімвал. Трамвай праходзіць па вуліцах гета, праз месца, адкуль яўрэяў вывозілі ў лагер смерці «Трэблінка», каля яўрэйскіх могілак.

У рамках адзначэння Міжнароднага дня памяці Галакоста ў Варшаве паказалі фільмы пра Варшаўскім гета і лагер «Аўшвіц-Біркенаў».

вс

слухайце аўдыёфайл