Беларуская Служба

Мільярды на ратунак ад каранавіруса

28.05.2020 15:14
Маленькі вірус паставіў на калені аб'яднаную Еўропу.
Аўдыё
  • Еўропа стварае Фонд адбудовы
Еўракамісія агучвае прапанову адбудовы еўрапейскай эканомікі EPA/ARIS OIKONOMOU / POOL Dostawca: PAP/EPA

Палітыкі ды эканамісты кажуць пра вялізарны крызіс, які накрые Еўразвяз пасля тыдняў каранціну ды замарожвання эканомікі. Еўракамісія спяшаецца перадухіліць найгоршы сцэнар. Брусель хоча прызначыць мільярды еўра на раскрутку эканомікі.

У сераду Еўрапейская камісія агучыла прапанову па стварэнні спецыяльнага Фонду адбудовы з бюджэтам у 750 мільярдаў еўра, каб вывесці еўрапейскую эканоміку з крызісу, выкліканага каранавірусам. Дадаткова Еўракамісія прапануе прызначыць у бюджэце Еўразвязу на 2021-27 гады трыльён сто мільярдаў еўра на ажыўленне эканомікі.

З новага Фонду найбольш атрымае Італія, як самая пацярпелая ад каранавіруса, – амаль 82 мільярды еўра, Іспанія – больш за 77 мільярдаў, а Францыя 64 мільярды. Для Польшчы Еўракамісія прапануе выдзеліць 63,8 мільярды еўра, з якіх 37,5 мільярды пойдуць на гранты. Больш падрабязна з Бруселю распавядае карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка.

- Падрабязныя змены ў праекце бюджэту ЕЗ ды дэталі Фонду адбудовы прадставіла старшыня Еўрапейскай камісіі Уршуля фон дэр Ляен. Настаў час для Еўропы. Маленькі вірус выклікаў вялізарны эканамічны крызіс. Ніводная краіна не ў стане самастойна адказаць на гэты выклік. Еўракамісія прапануе стварыць Фонд на суму 750 мільярдаў еўра, з якіх 500 мільярдаў будуць выдадзеныя ў форме грантаў. Прапановы Еўракамісіі цяпер павінны зацвердзіць краіны чальцы ЕЗ. 19 чэрвеня адбудзецца саміт Еўразвязу, прысвечаны дадзенаму пытанню.

Прапановы Еўракамісіі падтрымаў польскі ўрад. Прэмʼер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што Варшава вітае новую прапанову, якая зможа паспрыяць таму, што Еўропа стане глабальнай эканамічнай сілай. Пры гэтым у Польшчы перакананыя, што важна захаваць падзел на пазыкі ды гранты.

- Фонд адбудовы дапоўніць іншыя фонды ды бюджэтам Еўрапейскага Звязу. Гэта новая і вельмі важная ініцыятыва. Значны фінансавы імпульс, які дасць перспектыву эканамічнага развіцця для Еўропы, і Польшчы таксама, якой мы яшчэ не бачылі.

Урад падтрымаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, які заявіў, што Еўропа павінна не проста дапамагаць, а зноў стаць цэнтрам сучаснай вытворчасці. Каранавірус паказаў, што ранейшы перанос прамысловасці ў далёкія краіны не апраўдаў сябе.

- Еўропа павінна наноў стаць вялікім прамысловым цэхам. Мы павінны вярнуць вытворчасць, якую перанеслі ў іншыя краіны на далёкі Ўсход у выніку палітыкі скарачэння коштаў. У часах каранавіруса гэта прывяло да разрыву лагістычных ланцужкоў. Мы сутыкнуліся з немагчымасцю атрымаць неабходныя кампаненты для вытворчасці важных матэрыялаў. Якія з-за недаступнасці ў часах эпідэміі зрабіліся на вагу золата.

У польскім урадзе разлічваюць на тое, што еўрапейскія сродкі дапамогуць прыспешыць працэс ажыўлення польскай эканомікі пасля эпідэміі. Пра гэта заявіў віцэ-міністр інфраструктуры Марцін Гарала.

- Мы будзем адным з галоўных карыстальнікаў гэтай праграмы выхаду з крызісу, які выклікаў каранавірус. Мы атрымаем таксама больш сродкаў на аграрную палітыку, якая вельмі важная для нас. Гэтыя дадатковыя дзясяткі мільярдаў еўра дазволяць раскруціць польскую эканоміку. Дарэчы, паводле ацэнак Еўрапейскай камісіі, мы не найгорш прайшлі праз крызіс, выкліканы каранавірусам.

Прапанова Еўракамісіі пакуль не зацверджаная. Яна ўступіць у сілу пасля прыняцца рашэння краінамі чальцамі Еўразвязу. Дзеля гэтага 19 чэрвеня запланаваны спецыяльны саміт ЕЗ.

Юры Ліхтаровіч