Беларуская Служба

Беларусаў, здаецца, разбудзіў папулярны блогер

01.06.2020 17:31
Ці сапраўды ў Беларусі задзьмуў вецер перамен, ці нешта можа змяніцца ў краіне?
Аўдыё
,
Мінск, Камароўкафота: У. Пац/Польскае радыё

Мінск, Брэст, Віцебск, Магілёў, Гродна, Ліда, Маладзечна ды іншыя беларускія гарады паявіліся ў нядзелю на мапе перадвыбарчых пратэстаў у Беларусі. У сталіцы чарга людзей, якія сабраліся, каб паставіць свой подпіс пад кандыдатурай Святланы Ціханоўскай, расцягнулася на некалькі кіламетраў. Натоўп скандаваў «Выпускай!«, маючы на ўвазе вядомага блогера Сяргея Ціханоўскага, мужа Святланы, які быў затрыманы ў пятніцу ў Гродне за ўдзел у недазволеным пратэсце і быццам бы нападзенне на міліцыю. У Мінску подпісы збіралі на плошчы каля Камароўскага рынку. Сведкам тых падзей быў карэспандэнт Польскага Радыё Уладзімір Пац.

- Я жыву каля Камароўскага рынку, традыцыйна раблю ў нядзелю там пакупкі. Калі ўчора выйшаў, адразу пачуў, што нешта адбываецца. Было чуваць, як людзі патрабуюць выпусціць Сяргея Ціханоўскага, які быў затрыманы ў пятніцу на Савецкай плошчы ў Гродне. Чарга жадаючых падпісацца за апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты была аграмадная, даходзіла да станцыі метро «Якуба Коласа». Каб падпісацца за Святлану Ціханоўскую або Віктара Бабарыку, трэба было пастаяць гадзіну, а мо і больш. З палаткі, дзе падпісваліся за Ціханоўкую, я некалькі разоў чуў песню польскага барда Яцэка Качмарскага «Муры». Я не памятаю, каб беларусы прымалі такі актыўны ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах на этапе збору подпісаў. Варта адзначыць, што вялізныя чэргі стаялі таксама ў іншых беларускіх гарадах.

Сяргей Ціханоўскі 20 мая выйшаў на волю і пачаў ездзіць па беларускіх гарадах, сустракацца з жыхарамі. Яму ўдалося запаліць людзей сваімі ідэямі, ён паказаў, што разумее праблемы звычайных абывацеляў. Гэта феномен, які некаторыя параўноўваюць з маланкавай палітычнай кар’ерай А. Лукашэнкі на пачатку 90-ых гадоў, паколькі тады малады дэпутат быў вельмі слаба вядомы ў краіне, але хутка заваяваў вялізную папулярнасць. Але цяпер няма дэмакратыі, як тады, Ціханоўскі прызнаны палітычным вязнем, яму пагражае да 6 гадоў турэмнага зняволення.

Ці сапраўды ў Беларусі задзьмуў вецер перамен, ці нешта можа змяніцца ў краіне? Нешта новае назіраецца, але сумленных выбараў і так не будзе, – мяркуе беларускі філосаф і метадолаг, кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналогій Уладзімір Мацкевіч.

- Сапраўды, такога яшчэ не было, ёсць навізна, але я не бачу магчымасці, каб былі нейкія зрухі. У пратэстах прымаюць удзел пераважна адны і тыя ж людзі, некалькі тысяч чалавек. Выбараў у Беларусі як не было, так і не будзе. Удзел у выбарах ва ўмовах, створаных рэжымам – гэта злачынства. Ніякай дэмакратыі тут няма, усё адбываецца па сцэнару ўладаў.

Адкуль узяўся Сяргей Ціханоўскі, і куды ён можа завесці беларускую палітыку? Ці рацыю можа мець Лукашэнка, які намякаў, што папулярны блогер звязаны з Расіяй? Працягвае Уладзімір Мацкевіч.

- Расія зацікаўлена ў дэстабілізацыі сітуацыі ў Беларусі. Аднак ніякіх доказаў, што гэты чалавек, якога так і не зарэгістравалі, з’яўляецца правадніком расійскай палітыкі, няма. Лукашэнка заўсёды хлусіць, але ў яго словах праскоквае і праўда. Ён сказаў і пра Бабарыку, і пра Цыпкалу, і пра Ціханоўскага нешта дрэннае – на Бабарыку і Цыпкалу ёсць кампрамат, на Ціханоўскага будуць ціснуць. Яны кантралююць усіх кандыдатаў. Навошта такі гвалт у дачыненні Ціханоўскага? Гэта запалохванне кандыдатаў, не больш таго, а словам Лукашэнкі – веры ніякай.

Доказам на тое, што Ціханоўскі звязаны з Расіяй, паводле Лукашэнкі, стала інтэрв’ю, якое блогер даў выданню «Коммерсантъ». У ім Ціханоўскі казаў, што людзі ў Беларусі даведзены да ручкі, ім няма чаго губляць, а калі пачнуцца рэпрэсіі, то частка людзей пачне партызанскую вайну.

нг