Беларуская Служба

У Польшчы афіцыйна пачалася агітацыйная кампанія перад прэзідэнцкімі выбарамі

05.06.2020 14:40
Новы тэрмін выбараў – 28 чэрвеня, а разам з ім паявіўся новы кандыдат.
Аўдыё
   ,  . ,     (Chełm), 4  2020.
Сустрэча аднаго з кандыдатаў, прэзідэнта А. Дуды, з жыхарамі гораду Хэлм (Chełm), 4 мая 2020.фота: PAP/Wojtek Jargiło

Каранавірусная інфекцыя стала прычынай вялікіх зменаў не толькі ў жыцці асобных людзей, але таксама цэлых дзяржаваў. У прыватнасці, у Польшчы яна аказала значны ўплыў на выбарчы каляндар, а можа нават на тое, хто стане прэзідэнтам краіны. 

Выбары прэзідэнта дзяржавы адбываюцца раз у пяць гадоў. Тэрмін актуальнага галавы дзяржавы Анджэя Дуды (Andrzej Duda) заканчваецца ў жніўні гэтага года, таму апошні магчымы тэрмін выбараў, згодна Канстытуцыі, – пачатак ліпеня. Галасаванне было прызначана на 10 мая, але па прычыне пандэміі СOVID-19 не ўдалося яго правесці. Новы тэрмін – 28 чэрвеня, а разам з ім паявіўся новы кандыдат. Раней буйнейшая апазіцыйная партыя «Грамадзянская платформа» паставіла на Малгажату Кідаву-Блоньскую, але яна аказалася даволі слабой кандыдаткай, без упэўненасці ў сабе і харызмы, неабходнай палітыку на такой пасадзе.

Да 5 чэрвеня неабходна ўнесці ў Цэнтральную выбарчую камісію заявы пра фармаванне выбарчых камітэтаў. Кандыдаты засталіся тыя ж, што і перад майскімі выбарамі, акрамя аднаго. Учора свой выбарчы штаб зарэгістраваў новы кандыдат ад партыі «Грамадзянская платформа», мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі (Rafał Trzaskowski), які можа адабраць значную колькасць галасоў у актуальнага прэзідэнта, хаця апытанні грамадскай думкі не даюць яму вялікіх шанцаў на перамогу. Паводле апытання, якое абнародавала газета «Super Express», за Анджэя Дуду намерана галасаваць звыш 48% удзельнікаў анкетавання. За Рафала Тшаскоўскага – больш за 24% апытаных. Так што хутчэй за ўсё менавіта гэтыя два палітыкі пазмагаюцца за найважнейшую пасаду ў дзяржаве падчас другога туру.

Кіроўная партыя «Права і справядлівасць» значна больш апасаецца Рафала Тшаскоўскага, чым знятай кандыдаткі. Таму цяпер партыя пачала інтэнсіўную кампанію прасоўвання свайго кандыдата. Дэпутат ПіС Марэк Аст (Marek Ast) пераконвае, што значна лепш, калі прэзідэнт прадстаўляе тую ж палітычную сілу, што і большасць у парламенце. Такі расклад сілаў дазваляе ўладам рэалізаваць сваю праграму.

- Як праграму прэзідэнта, так і праграму Аб’яднаных правых сілаў. Таму, калі прэзідэнт будзе прадстаўляць апазіцыйныя сілы, то ніколі супрацоўніцтва паміж ім і парламентам не будзе добрым ды эфектыўным. Дарэчы, гэта відаць па тым, як цяжка супрацоўнічаць маршалам Сейму ды Сенату, якія прадстаўляюць розныя партыі.

Прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі перайшоў да контратакі. Ён звярнуўся да дэпутатаў ніжэйшай палаты парламенту Сэйму з просьбай аб вотуме даверу. На думку прэм’ер-мністра, у сітуацыі эпідэміі Польшчы патрэбнае адзінства, а не ўнутраная палітычная вайна. Маравецкі дадаў, што ён часта размаўляе з прэзідэнтам Дудам, які, па словах прэм’ера, прапануе «закончыць фестываль скандалаў, які ладзіць апазіцыя». «Калі ў вас дастаткова галасоў, дык здымеце нас», – звярнуўся да апазіцыі Маравецкі.

- Або перастаньце правакаваць, падбухторваць, перастаньце прыдумваць заменныя тэмы. Раз вы намераны адклікаць віцэ-прэм’ера Сасіна, іншым разам – міністра аховы здароўя, заяўляеце пра вотум недаверу іншым нашым міністрам. Усё гэта вашы палітычныя трукі, каб прыкрыць рэчаіснасць.

Прэм’ер-міністр казаў пра поспехі ўраду: падзенне ўзроўню беспрацоўя, добры стан дзяржаўных фінансаў, грамадскія праграмы, паніжэнне пенсійнага ўзросту, нулявы падаходны падатак для маладых супрацоўнікаў. У сваю чаргу Рафал Тшаскоўскі заявіў, што калі ён будзе абраны прэзідэнтам, то будзе «выпальваць жалезам» тое, што зрабіла «Права і справядлівасць». Праўда, ён гатовы супрацоўнічаць з урадам, калі той будзе прымаць рашэнні аб выхадзе з эканамічнага крызісу, але патрэбны чалавек, які будзе сачыць за тым, што робіць урад і ўказваць на яго памылкі. На думку Тшаскоўскага, Польшчы патрэбная «новая Салідарнасць».

- Усе мы павінны працаваць, каб змяняць Польшчу. Усе мы павінны быць разам, мы павінны адбудаваць наша грамадства. Не думаць «Я», а думаць «МЫ». І з гэтай прапановай я сёння да вас звяртаюся. Цяпер такія часы, калі ніхто не можа быць упэўнены ў заўтрашнім дні. Нам патрэбны новы грамадскі дагавор, які дазволіць звярнуць увагу на тое, што самае важнае – на бяспеку, на здароўе. Нам патрэбны дагавор, які дазволіць заключыць як мага больш шырокі кансэнсус: што няма лепшай альтэрнатывы, чым плюралізм і дэмакратыя.

Так што змаганне за важнейшую дзяржаўную пасаду сёлета будзе разыгрывацца хутчэй за ўсё паміж Анджэем Дудам і Рафалам Тшаскоўскім. Аднак гэта не азначае, што іншыя кандыдаты ўжо адмовіліся ад барацьбы. Акрамя Дуды і Тшаскоўскага, на выбарах балатуюцца: беспартыйны публіцыст Шыман Галоўня (Szymon Hołownia), кандыдат левых сілаў (партыі Вясна) еўрадэпутат Роберт Бедрань (Robert Biedroń), старшыня Польскай сялянскай партыі Уладзіслаў Касіняк-Камыш (Władysław Kosiniak-Kamysz), член групоўкі правай арыентацыі Канфедэрацыя, дэпутат Сейму Кшыштаф Босак (Krzysztof Bosak), кандыдат Кангрэсу новых правых Станіслаў Жултка (Stanisław Żółtko). Федэрацыя для Рэчы Паспалітай высунула кандыдатам Марэка Якубяка (Marek Jakubiak). Таксама балатуюцца Міраслаў Пятроўскі (Mirosław Piotrowski) ад Руху «Праўдзівая Еўропа» і беспартыйны бізнесмен Павел Танайна (Paweł Tanajno).

Сёлетнія выбары прэзідэнта Польшчы будуць выключныя – галасаванне пройдзе паводле гэтак званай змешанай формулы. Гэта значыць, можна будзе аддаць свой голас традыцыйным чынам – на выбарчым участку, але таксама выбарцы могуць звярнуцца ў адпаведныя органы з заявай аб тым, што яны намераны галасаваць завочна, па пошце. І атрымаць такую магчымасць.

нг