Беларуская Служба

У другім туры прэзідэнцкіх выбараў сустрэнуцца Анджэй Дуда і Рафал Тшаскоўскі

29.06.2020 13:05
Выбарчая яўка склала 64,4%. Яна з’яўляецца рэкорднай: вышэйшая, чым у прэзідэнцкіх выбарах пяць і дзесяць гадоў таму.
Аўдыё
  • У другім туры прэзідэнцкіх выбараў сустрэнуцца Анджэй Дуда і Рафал Тшаскоўскі
Падлік галасоў PAP/Łukasz Gągulski

У другім туры прэзідэнцкіх выбараў сустрэнуцца Анджэй Дуда (43,67%) і Рафал Тшаскоўскі (30,34%). 

Дзяржаўная выбарчая камісія агучыла вынікі выбараў з 99,78% выбарчых участкаў.
Трэцяе месца заняў незалежны кандыдат Шыман Галоўня (13,85%). Выбарчая яўка склала 64,4%. Яна з’яўляецца рэкорднай: вышэйшая, чым у прэзідэнцкіх выбарах пяць і дзесяць гадоў таму.

На чарговых месцах апынуліся Кшыштаф Босак – 6,75%, Уладзіслаў Касіняк-Камыш – 2,37%, Роберт Бедрань – 2,21%. Астатнія кандыдаты здабылі менш за 0,3%.
Прэзідэнт Анджэй Дуда зазначыў, што выбарчая кампанія працягваецца, і ён вядзе вельмі сур’ёзную дыскусію пра Польшчу:

- Мы задаем пытанне, якая Польшча будзе ў будучыні. Гэтыя выбары ў значнай ступені вырашаць пра гэта. Ці паміж намі ёсць збежныя пункты? Ці паміж намі ёсць розніцы? Канешне, яны ёсць. Таму мы былі рознымі кандыдатамі, таму кожны з нас меў сваіх выбарцаў.

Кандыдат «Грамадзянскай кааліцыі» Рафал Тшаскоўскі сказаў, што вялікая частка грамадства хоча палітычных змен, што больш за 50% палякаў не падтрымалі дзейснага прэзідэнта:

-Гэты вынік паказвае адну самую важную рэч: больш за 58% нашага грамадства хочуць змен. Да ўсіх гэтых грамадзян я хачу выразна сказаць: я буду вашым кандыдатам. Я буду кандыдатам змены.

Шыман Галоўня сказаў, што атрымаў вынік сваіх мараў і будзе ствараць новы рух. Незалежны кандыдат паведаміў, што надалей будзе будаваць грамадскі рух, які ўзнік вакол яго. Ён казаў, што ідзе за «людзьмі, а не перад людзьмі».

-Гэты рух узнік сам, а мы цяпер павінны надаць яму адпаведную форму. Гэта ўжо 15 тысяч людзей у цэлай Польшчы. 500 сярод іх – гэта нашыя каардынатары. Цудоўная група экспертаў. Мы стварылі капітал, які трэба прыстасаваць да іншага тэмпу маршу, але ў гэтым жа самым напрамку.

6,75% галасоў і чацвёртае месца – такі вынік здабыў кандыдат «Канфедэрацыі» Кшыштаф Босак. Падчас выбарчага вечару ён сказаў, што такая падтрымка прагназуе палітычную змену на польскай палітычнай сцэне:

-Гэта велізарны поспех усіх нашых асяроддзяў, нашых прыхільнікаў і цэлага нашага грамадства, якое ў болях, паламаўшы ўвесь супраціў, выпрацавала дасканалы вынік. Думаю, база нашых выбарцаў вельмі моцна павялічылася дзякуючы палітычнай працы.

Старшыня Польскай сялянскай партыі Уладзіслаў Касіняк-Камыш пасля абвяшчэння вынікаў адзначыў, што шануе рашэнне палякаў. Аднак, ён прызнаў, што для яго выбарчы фінал не з’яўляецца карысным:

-Вынік не дае мне задавальнення, няма чаго ўтойваць. Я веру, што ўсё, што мы рабілі апошнія месяцы, гэта прапанова непадзеленай Польшчы, Польшчы супольнасці, якая не падвяргаецца братазабойчай барацьбе. На гэтае пытанне, зададзенае маім суайчыннікам, я атрымаў адказ. Магчыма, гэта яшчэ не той момант.

Роберт Бедрань падкрэсліў, што левыя сілы заўсёды будуць стаяць на баку сваіх каштоўнасцяў і сваёй праграмы.

-Левым сілам ніколе не было лёгка, але заўсёды мы перамагаем тады, калі мы аб’яднаныя. Я б хацеў падзякаваць усім, хто паверыў, што іншая палітыка з’яўляецца магчымай. Што тыя каштоўнасці, за якія змагаліся мінулыя пакаленні, змагаецца цяперашняе і будзе змагацца будучае пакаленне, маюць сваю вартасць.

Астатнія кандыдаты – Станіслаў Жултэк, Марэк Якубяк, Павал Танайна, Вальдэмар Віткоўскі і Міраслаў Пятроўскі – здабылі менш за 0,3%.

Прэзідэнта палякі выбяруць 12 ліпеня. Барацьба будзе разыгрывацца паміж Анджэем Дудам і Рафалам Тшаскоўскім.

Прэзідэнт Анджэй Дуда зазначае, што далей хоча весці палітыку дыпламатыі і гаспадаркі. Падчас сустрэчы з выбарцамі ў Рыпіне ён абяцаў, між іншым, падтрымку сям’і, гаспадаркі і пенсіянераў. Ён прасіў падтрымаць яго ў другім туры:

-Падтрымка сям’і, будова моцнай дзяржавы і папулярызацыя Польшчы за мяжой, развіццё польскай гаспадаркі. Сёння гэта прыярытэты. Я прашу падтрымкі, прашу яшчэ больш, прашу мабілізавацца. Пакуль мы ў палове, а хочам мець усё цалкам. А ўсё – праз два тыдні. Прашу вас увесь час быць актыўнымі.

Контркандыдат Рафал Тшаскоўскі заявіў, што ён гатовы да дэбаты перад другім турам прэзідэнцкіх выбараў. Палітык заклікаў Анджэя Дуду ўзяць удзел у дэбаце перад другім турам:

-Я згаджаюся на кожную формулу, якая адпавядае сапраўднай дэбаце. У якой пытанне змогуць задаваць журналісты розных СМІ, дзе можна адказваць на аргументы, можна ўзаемна задаваць пытанні. Ёсць столькі спраў, якімі трэба заняцца, якія непакояць палякаў, таму мы не можам сабе дазволіць чарговую заменную дэбату пра тое, што ўжо адбылося, ці пра вырашаныя справы.

Анджэй Дуда адказаў, што гатовы да такой дэбаты.