Беларуская Служба

Салідарнасць з затрыманымі ў Беларусі выказваюць нават супрацоўнікі дзяржаўных СМІ

30.06.2020 16:05
«Нельга біць людзей, якія прыйшлі купіць кубак або хустку. Нельга кідацца на студэнта, які прыйшоў набыць сувенір».
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/TheCorgi

Dziennik Gazeta Prawna апісвае затрыманні ў Беларусі падчас выбарчай кампаніі перад выбарамі прэзідэнта дзяржавы, калі тое, што адбываецца, можна назваць перадвыбарчай кампаніяй.

Аўтар нагадвае, што кіраўнік Беларусі абурыўся паведамленнямі, што яго рэйтынг складае толькі 3%. У Беларусі даўно ўжо нельга друкаваць вынікі апытання грамадскай думкі, які паказвалі б папулярнасць кандыдатаў у прэзідэнты. Аднак незалежныя парталы распаўсюджваюць меркаванне, што рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі – ад 1 да 6%. На думку сацыёлагаў, нельга ставіцца сур’ёзна да інтэрнэт-апытанняў, але факт, што апошнім часам сталі вельмі актыўнымі прыхільнікі альтэрнатыўных кандыдатаў. Праўда, галоўныя апаненты Лукашэнкі – Бабарыка ды Ціханоўскі – сядзяць у турме, таму браць удзел у выбарах яны, хутчэй за ўсё, не змогуць. Міліцыя затрымлівае таксама журналістаў – агулам ужо больш за дваццаць чалавек. Затрымліваюць нават журналістаў, у якіх ёсць акрэдытацыя на працу ў Беларусі.

Салідарнасць з затрыманымі пачалі выказваць нават некаторыя супрацоўнікі дзяржаўных СМІ. «Нельга біць дубінкамі людзей, якія прыйшлі купіць кубак або хустку. Нельга кідацца на студэнта, які прыйшоў з сябрамі купіць сувенір», – напісаў у сацсетках журналіст Беларускага тэлебачання Дзяніс Дудзінскі пасля масавых затрыманняў людзей, якія стаялі ў чарзе ў краму Symbal.by. «Усё, што паказвае дзяржаўнае тэлебачанне – гэта хлусня і прапаганда», – дадаў Арцём Ахпаш з дзяржаўнага тэлебачання АНТ.

Праваабарончы Цэнтр «Вясна» прызнаў пяць блогераў палітычнымі вязнямі. Такога статусу не атрымаў пакуль што герой самай кур’ёзнай гісторыі – Іван Прус. Ён пазваніў у міліцыю, каб даведацца, як сябе паводзіць, каб не трапіць у варанок, а пазней напісаў у сацсетках, каб не хвалявацца, нікога не забіраюць, а міліцыя клапоціцца пра спакой беларусаў. На наступны дзень па яго ў кватэру прыйшлі міліцыянеры і арыштавалі пад закідам хуліганства.

нг