Беларуская Служба

У Польшчы ідзе выключна жорсткая барацьба за пасаду прэзідэнта дзяржавы

02.07.2020 18:02
Ніхто пакуль што не ў стане з вялікай дакладнасцю назваць пераможцу.
Аўдыё
Wybory w Polsce
Wybory w PolsceDziurek / Shutterstock.com

Цягам бліжэйшага тыдня ў Польшчы будзе назірацца вельмі зацятая палітычная барацьба. У будучую нядзелю выбарцы вырашаць, хто на працягу пяці бліжэйшых гадоў будзе займаць пасаду галавы дзяржавы.

Ніхто пакуль што не ў стане са стопрацэнтнай дакладнасцю назваць пераможцу, паколькі апытанні грамадскай думкі сведчаць аб мінімальнай перавазе дзейснага прэзідэнта Анджэя Дуды над яго апанентам – прадстаўніком «Грамадзянскай кааліцыі» Рафалам Тшаскоўскім. Паводле апытання, праведзенага цэнтрам Pollster, калі б выбары адбыліся на пачатку гэтага тыдня, перамог бы на іх Дуда з вынікам 51,14%, а Тшаскоўскі атрымаў бы 48,86% галасоў. Такім чынам, розніца складае толькі 2,28%. Гэта значыць, яна змяшчаецца ў межах статыстычнай памылкі.


Прэзідэнт Анджэй Дуда Прэзідэнт Анджэй Дуда

Што прапануюць палякам кандыдаты? У выпадку Анджэя Дуды справа простая – будзе працяг палітыкі кіроўнай партыі «Права і справядлівасць», да якой належыць прэзідэнт. Самыя важныя сферы дзейнасці дадзенай групоўкі – гэта сацыяльныя праграмы і падтрымка сям’і, важныя таксама вялікія інвестыцыі. Анджэй Дуда заявіў, што толькі яго перамога гарантуе, што ў Польшчы не будзе павышаны пенсійны ўзрост і не будзе адменена праграма дапамогі сем’ям з дзецьмі «500 Плюс». Ён таксама нагадаў падчас адной з выбарчых сустрэч, што Аб’яднаныя правыя сілы – кааліцыя, да якой належыць яго партыя – цягам апошніх гадоў паніжалі падаткі, а маладыя людзі, якім менш за 26 гадоў, агулам не плацяць падаткаў.

- Гэта дзеля таго, каб яны былі больш канкурэнтаздольнымі на працоўным рынку, каб зарабілі крыху больш грошай. У сваю чаргу, калі нехта зарабіў да 8 тыс. злотых (у год – нг), ён агулам не плаціць падатку. Шаноўнае спадарства, я нагадваю, што надоечы пачалі дзейнічаць новыя стаўкі падатку на дададзеную вартасць (ПДВ). Дзякуючы гэтаму дадзены падатак быў істотна паніжаны на многія важныя тавары, адбылося спрашчэнне сістэмы выплаты ПДВ. Былі ліквідаваныя некаторыя абсурдныя элементы, якія былі ў сістэме падаткаабкладання.

Грамадзянская кааліцыя са свайго боку заклікае прыняць законы, пра якія казаў падчас папярэдняй выбарчай кампаніі ў 2015 годзе Анджэй Дуда. Гэта, між іншым, паніжэнне падатку ПДВ з 23 да 22 працэнтаў. Старшыня партыі «Грамадзянская платформа» Барыс Будка заявіў, што яго партыя ўнясе адпаведныя законапраекты ў Сейм, каб дапамагчы прэзідэнту выканаць свае абяцанні.

- Сёння прэзідэнт Анджэй Дуда ды яго палітычная партыя маюць большасць у Сейме. Калега прэзідэнта, прэм’ер-міністр Маравецкі гаворыць пра чарговыя праекты, якія ён намераны рэалізаваць. Таму Грамадзянская кааліцыя на бліжэйшым пасяджэнні Сейму ўнясе прапанову прыняць тры канкрэтныя законы, якія рэалізуюць абяцанні Анджэя Дуды, дадзеныя пяць гадоў таму.

Анджэй Дуда заявіў, што будзе працягваць палітыку адважных інвестыцый. У часе сустрэчы з жыхарамі мясцовасці Лобэз на поўначы Польшчы, ён казаў між іншым пра газапорт у Свінавуйсці, які дазваляе ўмацаваць незалежнасць дзяржавы і дае новыя працоўныя месцы. Галава дзяржавы дадаў, што ў Памераніі бачна, як упала ў Польшчы беспрацоўе, колькі было збудавана дарог.

- Гэта вялізныя інвестыцыі, яны даюць нам магчымасць ісці наперад. Газапорт узмацняе наш суверэнітэт, дае энергетычную незалежнасць. Акрамя таго, хімічны камбінат Паліцэ – гэта вельмі сучасны аб’ект, які дазволіць нам экспартаваць нашы тавары, у тым ліку сучасныя ўгнаенні, у розныя краіны свету, і будзе замацоўваць нашу незалежнасць. Калі зірнуць з перспектывы звычайных людзей – гэта інвестыцыі, якія даюць працоўныя месцы.


Мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі Мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі

Апанент А. Дуды, кіраўнік сталіцы і віцэ-старшыня "Грамадзянскай платформы" Рафал Тшаскоўскі шукае падтрымкі сярод іншых кандыдатаў у прэзідэнты, каб заваяваць сімпатыю іх выбарцаў. Ён абяцаў рэалізаваць прапановы Шымана Галоўні, калі будзе абраны на пасаду галавы дзяржавы. Галоўня заняў трэцяе месца ў першым туры галасавання – з вынікам 13,8%. Тшаскоўскі абяцаў, што ён стрымае кожны закон, які будзе перашкаджаць Польшчы дасягнуць кліматычную нейтральнасць да 2050 году, а таксама тыя дакументы, якія якім-небудзь чынам абмяжуюць кампетэнцыю муніцыпальных органаў.

- Калі гаворка ідзе пра муніцыпальныя органы, тут справа элементарная. Я ж сам – прадстаўнік самаўрадаў, я таксама размаўляў з рознымі муніцыпальнымі палітыкамі, якія Вас падтрымлівалі. Яны схільныя размаўляць пра як мага больш шырокі кансэнсус. Цяпер рашучая большасць муніцыпальных палітыкаў гатовыя бараніць праграму незалежнасці мясцовай улады. І напэўна мы будзем клапаціцца аб тым, каб бараніць польскія муніцыпалітэты.

Шыман Галоўня заявіў, што ён прагаласуе ў другім туры за Тшаскоўскага, але сваім прыхільнікам прапанаваў самім выбраць, за каго галасаваць.

Другі тур прэзідэнцкіх выбараў адбудзецца ў нядзелю, 12 ліпеня.

ІАР ПР/нг