Беларуская Служба

Пасля пандэміі краіны Цэнтральна-Усходняй Еўропы могуць стаць больш канкурэнтаздольнымі

08.07.2020 12:31
Пра гэта размаўлялі міністры замежных спраў Польшчы, Венгрыі, Чэхіі і Славакіі.
Аўдыё
             .
Міністры замежных спраў Вышаградскай чацвёркі на сустрэчы ў Вадавіцах каля помніка Яну Паўлу ІІ.фота: PAP/Łukasz Gągulski

Польшча, Венгрыя, Чэхія ды Славакія бачаць у новым раскладзе сілаў у Еўропе, які вырысоўваецца ў выніку пандэміі каранавіруснай інфекцыі, не толькі пагрозу ў выглядзе эканамічнага зніжэння, але таксама шанец эфектыўнага развіцця ў некаторых сферах эканомікі. Кіраўніцтва гэтых чатырох дзяржаваў правяло перамовы ў Польшчы аб тым, што паявілася магчымасць узмацніць эканамічную пазіцыю гэтых краін на кантыненце. Міністры замежных спраў сустрэліся надоечы ў польскім горадзе Вадавіцэ. З ліпеня гэтага года Польшча ўзяла на сябе старшынства ў Вышаградскай групе, у якую ўваходзяць, акрамя Польшчы, таксама Венгрыя, Чэхія і Славакія.

Краіны Цэнтральна-Усходняй Еўропы пацярпелі ад пандэміі каранавіруснай інфекцыі ў значна меншай ступені, чым дзяржавы Паўднёвай Еўропы, у тым ліку Іспанія ці Італія. Міністры замежных спраў мяркуюць, што наш рэгіён можа значна хутчэй выйсці з пандэміі, і, такім чынам, стаць больш канкурэнтаздольным у эканамічным плане. Пра гэта казаў у Вадавіцах міністр замежных спраў Венгрыі Пітэр Сіярта (Peter Szijjarto).

- Пасля каранавіруса мы назіраем перабудову сусветнага парадку, паяўляюцца новыя сілы. Мы ў Цэнтральнай Еўропе маем усе шанцы, каб у гэтым новым парадку ўвайсці ў групу пераможцаў.

Прысутны на сустрэчы ў Вадавіцах кіраўнік польскай дыпламатыі Яцэк Чапутовіч (Jacek Czaputowicz) пераконваў у сваю чаргу, што самае важнае ў часе выхаду з пандэміі небяспечнай віруснай хваробы – гэта супрацоўніцтва паміж суседзямі.

- Дзяржавы Вышаградскай групы – гэта ядро Цэнтральнай Еўропы. На маю думку, гэта можа стаць імпульсам да больш маштабнага супрацоўніцтва ў рамках Ініцыятывы трох мораў. Мы размаўлялі на гэтую тэму. У чым мы зацікаўлены? У больш інтэнсіўных кантактах паміж Поўначчу ды Поўднем, гэта значыць, паміж нашымі краінамі.

На сустрэчы міністраў замежных спраў Венгрыі, Польшчы, Чэхіі і Славакіі былі прадстаўленыя асноўныя мэты і задачы польскага старшынства ў Вышаградскай групе. Былі таксама падведзеныя вынікі старшынства Чэхіі, – гаворыць прэс-сакратар польскага Міністэрства замежных спраў Маніка Шатыньска-Люфт (Monika Szatyńska-Luft).

- Гаворка ішла таксама пра планы, якія датычаць старшынства Германіі ў Радзе Еўрапейскага Саюза, палітыку пашырэння супольнасці на новыя дзяржавы ў кантэксце сітуацыі на Балканах, Усходняе партнёрства, адносіны са Злучанымі Штатамі Амерыкі. Аднак самай важнай тэматыкай падчас сустрэчы была стратэгія выхаду з крызісу, выкліканага пандэміяй каранавіруснай інфекцыі COVID-19.

Пленарныя перамовы міністраў замежных спраў Польшчы, Венгрыі, Чэхіі ды Славакіі адбыліся ў гарадской ратушы мясцовасці Вадавіцэ на поўдні Польшчы. Пасля сустрэчы ды перамоваў дыпламаты ўсклалі кветкі да помніка папу рымскаму Яну Паўлу ІІ, наведалі мясцовы касцёл ды родны дом Караля Вайтылы (пазней Ян Павел ІІ). Вадавіцэ невыпадкова былі абраныя месцам сустрэчы міністраў, паколькі ў гэтым годзе прыходзіцца сотая гадавіна з дня нараджэння вялікага паляка Караля Вайтылы, што пазней стаў папам рымскім, які аказаў вялікі ўплыў на змены, якія адбыліся ў Еўропе ды свеце.

Спатканне ў Вадавіцах было першай сустрэчай міністраў замежных справаў Вышаградскай чацвёркі за апошнія некалькі месяцаў, з таго часу, калі была аб’яўлена эпідэміялагічная небяспека па прычыне COVID-19.

Вышаградская група або Вышаградская чацвёрка (V4) – гэта аб’яднанне чатырох цэнтральнаеўрапейскіх дзяржаў: Польшчы, Чэхіі, Славакіі і Венгрыі. Яно было ўтворана ў выніку сустрэчы прэзідэнтаў Польшчы Леха Валенсы і ЧСФР Вацлава Гавела з венгерскім прэм’ер-міністрам Ёжэфам Анталам 15 лютага 1991 года ў горадзе Вішэград. Старшынства ў аб’яднанні бяруць на сябе па чарзе краіны-члены групы.

 

ІАР ПР/нг