Беларуская Служба

Польшча занепакоеная рэакцыяй беларускіх уладаў на паслявыбарчыя пратэсты

10.08.2020 09:02
Польскае МЗС заклікала беларускія ўладаў спыніць эскалацыю сітуацыі і паважаць асноўныя правы чалавека.
 .
Польскі сцяг.Photo: DavidRockDesign/pixabay.com/CC0 Public Domain

Польскае МЗС выказала глыбокую заклапочанасць жорсткім разгонам паслявыбарчых пратэстаў у Беларусі. Учора, пасля абвяшчэння вынікаў экзіт-полу прэзідэнцкіх выбараў беларусы выйшлі на вуліцы многіх беларускіх гарадоў. Дайшло да беспарадкаў.  Удзельнікі начных дэманстрацыяў заявілі, што гэта не канец акцый пратэсту.  

„Рэзкая рэакцыя праваахоўных органаў, прымяненне сілы супраць мірных дэманстрантаў, адвольныя арышты недапушчальныя. Мы заклікаем беларускія ўладаў спыніць эскалацыю сітуацыі і паважаць асноўныя правы чалавека”, - чытаем у заяве, размешчанай на сайце польскага Міністэрства замежных спраў.

Намеснік міністра замежных спраў Марцін Пшыдач (Marcin Przydacz) гаварыў у эфіры TVPInfо пра спыненне эскалацыі сітуацыі.

- Беларускі бок павінен разумець, што ў людзей права пратэставаць, асабліва ў сітуацыі, калі ў іх сумневы на конт самога працэсу галасавання і яго выніку. Нагадваю, розныя паведамленні дазваляюць ставіць пад сумнеў добрасумленнасць выбараў. Пра адны вынікі кажуць афіцыйныя крыніцы, пра іншыя – апазіцыйныя. Мы перш за ўсё заклікаем да суцішэння эмоцыі і спакою, што з’яўляецца абавязкам уладаў Беларусі.  

Паводле абвешчаных сёння ЦВК папярэдніх вынікаў выбараў дзейны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка атрымаў 80.23% галасоў, а яго галоўная канкурэнтка Святлана Ціханоўская — 9.9%.

аз