Беларуская Служба

Эмануэль Макрон наведвае Прыбалтыку, ён расчараваўся ў Пуціне

29.09.2020 12:08
Цяперашні візіт французскага лідара – гэта дэманстратыўная змена палітыкі Парыжа ў адносінах да Крамля.
Сустрэча прэзідэнтаў Францыі і Літвы PAP/EPA/Valda Kalnina

Візіт прэзідэнта Францыі ў Літву і Латвію – гэта сігнал аб правале «стратэгічнага дыялогу», які ён распачаў год таму з Крамлём, піша газета Rzeczpospolita.

Апошнім французскім лідарам, які ўстаў на літоўскую зямлю, быў Жак Шырак у 2001 годзе. Цяперашні візіт французскага лідара – гэта дэманстратыўная змена палітыкі Парыжа ў адносінах да Крамля. Цяпер змена ў першую чаргу тычыцца падзеяў у Беларусі.

- У Беларусі мы сутыкаемся з крызісам аўтарытарнай улады, якая не можа прымірыцца з дэмакратычнай логікай і ўжывае сілу. Цалкам зразумела, што Лукашэнка павінен сысці, – заявіў прэзідэнт Макрон перад адлётам у Літву. Таксама вядома, што 29 верасня Макрон сустракаецца з пераможцай прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі Святланай Ціханоўскай.

Макрон прызнаўся, што падчас тэлефоннай размовы з Уладзімірам Пуціным 14 верасня спрабаваў пераканаць расійскага лідара адыграць «пазітыўную ролю» у Беларусі, схіляючы Аляксандра Лукашэнку да сыходу. Беспаспяхова.

- Гэта выглядае, як размова глухіх. Пуцін не мае намеру пад ціскам Макрона змякчаць сваю палітыку, – патлумачыла выданню Rzeczpospolita Тацяна Кастуева-Жан, кіраўнік расійскай секцыі французскага Інстытута міжнародных спраў (IFRI). Падчас той жа гутаркі, як даведаўся «Ле Монд», уладар Крамля пераконваў Макрона, што Аляксей Навальны «атруціўся сам».

Яшчэ нядаўна Эмануэль Макрон хацеў стварыць «суверэнную» Еўропу, якая нароўні з Амерыкай ці Кітаем з'яўляецца значным актарам на міжнароднай арэне. Тады ж прэзідэнт Францыі прызнаў, што НАТА знаходзіцца ў стане «мазгавой смерці». Аднак учора Эмануэль Макрон наведаў базу Рукла ў Літве, дзе дыслакуецца баявая група НАТА. Што праўда, ролю рамачнай краіны тут узяла на сябе Нямеччына, якая адправіла 450 жаўнераў, аднак французскі кантынгент, які налічвае 300 чалавек, нядаўна атрымаў на ўзбраенне танкі «Леклерк».

Таксама ў спрэчцы з Турцыяй аб здабычы газу ва Усходнім Міжземнаморʼі Францыя ўстала на бок Кіпра, але Парыж ідзе насуперак супраціву Нікасіі і падтрымаў санкцыі Еўразвяза супраць рэжыму Лукашэнкі. Францыя адмаўляецца прызнаць Лукашэнку законным прэзідэнтам і прыпыніла адпраўку ў Мінск свайго новага амбасадара Нікаля дэ Лакоста.

Макрон таксама лічыць «праблематычным» завяршэнне будаўніцтва газаправода Nord Stream 2, хоць адным з яго акцыянераў зʼяўляецца французскі канцэрн Engie. Пра змену вех у адносінах Елісейскага Палацу да замежнай палітыкі ў рэгіёне Усходняй Еўропы пісала газета Rzeczpopsolita.

эж

Макрон паабяцаў Ціханоўскай дапамогу ў арганізацыі перамоваў з уладай

29.09.2020 09:23
Учора ўвечары Эманюэль Макрон заявіў, што Францыя не прызнае Аляксандра Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі.