Беларуская Служба

Дапамога Беларусі – гэта пытанне верагоднасці ўсяго Еўрасаюза

30.09.2020 13:11
У чацвер лідары Еўрасаюза павінны прыняць польскі план дапамогі Беларусі.
  .
Пратэсты ў Беларусі.PAP/EPA/STR

У чацвер лідары ЕС павінны прыняць польскі план дапамогі Беларусі. У той жа дзень  намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач ляціць у Берлін і Гаагу. Ён будзе таксама кантактаваць з дыпламатамі з Францыі. Гэта тры ключавыя краіны, згода якіх павінна зламаць супраціў іншых членаў ЕС, канстатуе Енджэй Бялецкі ў выданні Rzeczpospolita.

„План падтрымкі эканамічнага развіцця дэмакратычнай Беларусі, абвешчаны Польшчай і падтрыманы краінамі Вышаградскай групы, стане асновай перамоваў кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў ЕС у Бруселі ў канцы тыдня. Мы спадзяемся, што вынікі гэтай дыскусіі будуць адлюстроўвацца ў высновах Еўрапейскай рады. І прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі, і Міністэрства замежных спраў актыўна ўдзельнічаюць у дыпламатычных намаганнях, каб гэта адбылося. Адначасова мы праводзім перамовы з ЗША, Канадай і Вялікабрытаніяй аб тым, як падтрымаць пратэстоўцаў. На мінулым тыдні Польшча прымала групу спецыялістаў з некалькіх краін ЕС, якія прыбылі для каардынацыі падтрымкі ахвяраў беларускага рэжыму”, - кажа Марцін Пшыдач.

Паводле інфармацыі газеты, усе элементы польскага плана ўжо ўключаны ў праект высноў. Гаворка ідзе пра адкрыццё рынку ЕС, адмену віз, фонд для развіцця інфраструктуры і дыверсіфікацыі імпарту энергіі - усё гэта пры ўмове правядзення свабодных выбараў.

Аднак гэта толькі першапачатковая версія, якая можа быць яшчэ зменена. Прыняцце дакумента патрабуе аднагалоснай падтрымкі ўсіх лідараў ЕС. Найбольшую пагрозу ўяўляе Кіпр. Па гэтай прычыне на мінулым тыдні міністры замежных спраў ЕС не змаглі дамовіцца аб вельмі сціплых санкцыях супраць 40 членаў рэжыму Лукашэнкі, якія ўдзельнічалі ў жорсткім падаўленні мірных дэманстрацыяў.  

У гэтай сітуацыі ЗША і Вялікабрытанія, якія не могуць дачакацца пазіцыі ЕС, хочуць самастойна ўвесці абмежаванні адносна Мінска.

„Гаворка ідзе пра верагоднасць ЕС. Калі два месяцы пасля сфальсіфікаваных выбарах у Беларусі Еўрасаюз не можа дамовіцца нават пра сціплыя меры ва ўмовах рэпрэсій, якія адбываюцца за яго межамі, то чаго вартая агульная знешняя палітыка ЕС?”, - задумоўваецца ў размове з газетай адзін з еўрасаюзных дыпламатаў.  

Тым часам, пасля сустрэчы са Святланай Ціханоўскай у Вільні прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон паабяцаў удзельнічаць у дыялогу паміж Аляксандрам Лукашэнкам і беларускім дэмакратычным рухам. Перамовы павінны быць праведзены ў рамках АБСЕ.

Паводле меркавання Ціханоўскай, прэзідэнт Францыі таксама хоча ўцягнуць у перамовы Расію. „Каб нам гэта ўдалося, неабходная падтрымка з боку магутных краін, як Францыя”, - сказала Ціханоўская, якая на будучым тыдні плануе наведаць Берлін і сустрэцца з Ангелай Мэркель.

Каментатары спадзяюцца, што змена падыходу да Расіі дзвюх асноўных краін ЕС, то бок Германіі і Францыі, павінна зламаць супраціў Кіпра. На іх думку, Беларусь стала тэрыторыяй гонкі паміж Захадам і Расіяй. Масква імкнецца максімальна абмежаваць беларускі суверэнітэт, а ЕС спрабуе паказаць альтэрнатыўны шлях для гэтай краіны.

Лукашэнка, які без падтрымкі Уладзіміра Пуціна не захаваў бы ўладу, паступова аддае расіянам ключавыя атрыбуты незалежнасці сваёй краіны. На дзяржаўным тэлебачанні расійскія журналісты замянілі беларускіх. Масква бярэ пад кантроль нафтаперапрацоўчыя заводы, азотныя і хімічныя заводы, а таксама АЭС у Астраўцы. Раней Крэмль узяў пад кантроль беларускую газатранспартную сістэму.

Тым ня менш, Варшава захоўвае аптымізм, паколькі ва ўмовах эканамічнага крызісу Расія не можа прапанаваць Беларусі прывабнай праграмы дапамогі. Нават крэдыт у 1,5 мільярда долараў, які нядаўна даў Пуцін, прызначаны толькі для пагашэння ранейшых абавязацельстваў Мінска перад Масквой. Прапанова ЕС для Беларусі, зразумела, калі яна будзе ўхвалена ў чацвер, значна больш прывабная, чытаем у выданні Rzeczpospolita.

аз