Беларуская Служба

У Эстоніі абмяркоўвалі перспектывы фонду «Трох мораў»

19.10.2020 14:02
Пакуль фонд налічвае 560 мільёнаў еўра, а патрэбы ў тысячу разоў большыя.
Здымак мае ілюстрацыйны характарKPRP/Igor Smirnow

Тэму асвятляе штодзёнка «Dziennik Gazeta Prawna».

У Таліне праходзіць саміт ініцыятывы «Трох мораў» (3SI), але з-за пандэміі ў значнай ступені ён мае віртуальны характар. У сталіцу Эстоніі асабіста завіталі прэзідэнт Балгарыі Румэн Радзеў і Анджэй Дуда. Іншыя госці, у тым ліку прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер, дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа і намеснік кіраўніка ЕК Маргрэта Вестагер прымуць удзел у анлайн-сустрэчах.

Каб ініцыятыва прынесла плён для рэгіёну, павінны пайсці інвестыцыі праз фонд, – цытуе словы прэзідэнта Эстоніі Керсці Кальюлайд польскае выданне. Эстонія далучылася да ініцыятывы ў красавіку, дадаўшы ў фонд 20 мільёнаў еўра. Потым тое ж зрабіла і Латвія.

Цяпер эстонскае кіраўніцтва разлічвае на ўдзел іншых краін з рэгіёну Трох мораў і ЗША, але перш за ўсё прыватных інвестараў. Таксама Эстоніі хоча развіваць інвестыцыі ў стварэнне разумных сетак у энергетычным і транспартным сектарах, піша выданне. Да гэтага часу было пададзена на разгляд у фонд 82 праекты, з якіх каля 30 былі адхілены як неадпаведныя, а 50 прыняты да разгляду.

Аднак па-ранейшаму галоўнай праблемай застаецца невялікі памер фонду. На дадзены момант у фондзе сабрана 560 мільёнаў еўра, тады як агульны маштаб інвестыцыйных патрэб у інфраструктуру ацэньваецца ў 600 мільярдаў еўра.

У Польшчы эксперты спадзяюцца, што памеры фонду павялічацца. Прыватныя інвестары далучацца, калі ўбачаць першыя праекты. Справа ў тым, што ў Цэнтральнаеўрапейскім рэгіёне назіраецца адзін з самых высокіх тэмпаў росту эканомікі ў свеце, – піша выданне. Гаворыцца, што фонд зможа мабілізаваць патэнцыйна каля 100 мільярдаў Еўра.

У лютым ЗША паабяцалі ўкласці ў фонд мільярд долараў. Выданне зазначае, што падчас саміту амерыканцы могуць прадставіць канкрэтныя дэталі свайго ўдзелу.

ю