Беларуская Служба

ЗША наносяць удар па трубаўкладчыках «Газпрома»

21.10.2020 10:01
Санкцыі будуць ахопліваць кампаніі, якія прадастаўляюць паслугі па зборцы або мадэрнізацыі абсталявання на расійскіх трубаўкладчыках.
Сцяг ЗШАoohhsnapp/pixabay.com/CC0 Public Domain

ЗША пашыраюць санкцыі супраць газаправода Nord Stream 2. Яны будуць ахопліваць кампаніі, якія прадастаўляюць паслугі па зборцы або мадэрнізацыі абсталявання на суднах, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве газаправода, а таксама кампаніі, якія фінансуюць гэтую дзейнасць, паведамляе Rzeczpospolita, спасылаючыся на The Wall Street Journal.

Паводле агенцтва Bloomberg, гэта дакладны ўдар. Каб расійскі трубаўкладчык „Акадэмік Чэрскі” змог завяршыць пракладку Nord Stream 2, павінен быць пераабсталяваны адмыслова для гэтага праекта.

Паводле ранейшых паведамленняў, „Акадэмік Чэрскі” і іншыя судны, якія маглі б удзельнічаць у рэалізацыі інвестыцыі, знаходзяцца насупраць Куршскай касы каля Калінінграда.

Санкцыі ЗША супраць газаправода былі ўключаны ў закон, прыняты ў 2017 годзе, але ўступілі ў сілу толькі  ў канцы мінулага года. Першыя абмежаванні былі ўведзеныя ў снежні 2019 года і спынілі будаўніцтва трубы пасля адмовы галоўнага падрадчыка – швейцарскай кампаніі Allseas. Пракласці трэба яшчэ крыху больш за 160 кіламетраў труб у водах Даніі.

У чэрвені 2020 года ЗША абвясцілі, што пашыраюць сферу дзеяння санкцый і маюць намер пакараць усе страхавыя кампаніі, якія аказваюць паслугі суднам, што ўдзельнічаюць у праекце.
Тры месяцы пазней ад супрацоўніцтва з „Газпромам” адмовілася міжнародная група, якая займаецца страхоўкай суднаўладальнікаў (International Group of P&I Clubs). Група адказвае за 90 адсоткаў страхавых паслуг на сусветным рынку. Расійскія страхавыя кампаніі пакуль не далучыліся да праекта.

Rzeczpospolita нагадвае, што згодна з амерыканскім заканадаўствам, кожны, хто парушае санкцыі, можа чакаць замарожвання актываў у юрысдыкцыі ЗША і забароны на любыя транзакцый з грамадзянамі і бізнесам ЗША. Абмежаванні распаўсюджваюцца як на кампаніі, так і на прыватных асоб, якія ўкладуць у праект будаўніцтва трубаправода больш за мільён долараў з мэтай экспарту вуглевадародаў з Расіі. Тыя ж санкцыі закрануць кампаніі, якія прадастаўляюць паслугі альбо тэхналогіі для згаданага праекта.

аз