Беларуская Служба

Улады Беларусі рыхтуюцца да магчымых эканамічных санкцыі Захаду

01.12.2020 12:42
Ідзе праца над трэцім пакетам санкцый ЕС супраць беларускіх уладаў.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:pasja1000/pixabay.com/CC0 Public Domain

Улады Беларусі рыхтуюцца да магчымага ўвядзення эканамічных санкцыі Захаду за рэпрэсіі супраць апанентаў. Да ўвядзення такіх абмежаванняў заклікае частка беларускай апазіцыі. Кропкавыя эканамічныя абмежаванні павінны быць уключаны ў трэці пакет санкцый супраць рэжыму Беларусі, які зараз рыхтуе Еўрапейскі Саюз, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.

Надоечы незалежнае беларускае інтэрнэт-выданне „Наша Ніва” паведаміла, што Нацбанк Беларусі накіраваў у мясцовыя фінансавыя ўстановы ліст з просьбай забяспечыць падключэнне да расійскай сістэмы „Сервіс-бюро СПФС”.  СПФС - гэта расійская сістэма перадачы фінансавых паведамленняў, аналаг міжнароднай сістэмы SWIFT, праз якую працуюць амаль усе банкі свету. З ейнай дапамогай адбываюцца транзакцыі між банкамі ў вядучых валютах.

Адключэнне Беларусі ад SWIFT — гэта адна з імаверных, але не асабліва рэальных санкцый, пра якія гавораць праціўнікі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Доступ да СПФС можа часткова абмежаваць страты рэжыму ў гэткім выпадку.

Беларусь таксама актыўна прасоўвае мясцовыя плацежныя карткі „Белкарт”, якія павінны замяніць MasterCard і Visa. Паводле Нацбанку Беларусі, паслугамі расійскай сістэмай СПФС карыстаецца ўжо сем банкаў у краіне, а яшчэ пяць знаходзяцца на фінальнай стадыі падключэння. Нагадваем, усяго ў Беларусі працуюць 24 банкі.

У цяперашні час ідзе праца над трэцім пакетам санкцый ЕС супраць беларускіх уладаў. Першыя два датычылі ў асноўным персанальных абмежаванняў, як забарона на ўезд на тэрыторыю ЕС і замарожванне актываў асоб, адказных за рэпрэсіі і фальсіфікацыі жнівеньскіх выбараў.

Паводле tut.by, новы пакет закране таксама 20 бізнесменаў і каля 400 кампаній, звязаных з беларускім урадам. Санкцыйны спіс павінен быць зацверджаны ў бліжэйшы панядзелак. Кіраўнік дыпламатыі ЕС Жазэп Барэль аб’яцаў, што трэці пакет будзе таксама накіраваны на „ўстановы, прадпрымальнікаў і кампаніі”, якія фінансуюць адміністрацыю Лукашэнкі.

Адзін з дарадчыкаў кандыдаткі на прэзідэнцкіх выбарах Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка паясняе, што трэці пакет будзе складацца з дзвюх частак.

„Не ўсе прозвішчы і кампаніі будуць апублікаваны адразу. Гаворка ідзе пра тое, каб яны не змаглі адразу перанесці сваіх актываў альбо абысці санкцыі, як гэта было пасля 2010 года. Гэтыя памылкі паўтараць не варта”, - заявіў Вячорка.

Паводле каментатараў, абмежаванне  доступу да SWIFT для Беларусі магла б мець кропкавы характар. У 2012 годзе ў рамках санкцый супраць Ірана 14 з 30 мясцовых банкаў былі адключаныя ад гэтай сістэмы. У 2014 годзе аналагічны крок разглядаўся супраць Расіі за напад на Украіну. Менавіта ў сувязі з гэтай пагрозай Расія распрацавала ўласную сістэму перадачы фінансавых паведамленняў, нагадвае Dziennik Gazeta Prawna.

аз