Беларуская Служба

У Беларусі будзе запушчаная «Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў»

02.12.2020 09:31
Адмысловая платформа будзе рэгістраваць злачынствы, здзейсненыя беларускімі сілавікамі.
  .
Пратэсты ў Беларусі.PAP/EPA/STR

Экс-кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская ініцыявала запуск „Адзінай кнігі рэгістрацыі злачынстваў”. У згаданым архіве будуць фіксавацца прозвішчы сілавікоў і здзейсненыя імі злачынствы, у тым ліку інфармацыя пра арышты, катаванні, збіцці іг.д.

Мяркуецца, што ў будучыні архіў будзе выкарыстаны беларускімі судовымі органамі і міжнароднымі прававымі арганізацыямі для вынясення прысудаў і падрыхтоўкі крымінальных спраў. Архіў таксама стане крыніцай звестак для перадачы інфармацыі ў Інтэрпол, АБСЕ, Савет Еўропы, паведамляе Вікторыя Беляшын ў сваім артыкуле, змешчаным на старонках выдання Gazeta Wyborcza.

Фактычна кніга будзе сайтам, дзякуючы якому ахвяры міліцэйскага гвалту альбо сведкі злачынстваў змогуць дасылаць інфармацыю пра парушэнне закона разам з сабранымі доказамі. Падчас прэс-канферэнцыі Ціханоўская тлумачыла, што да таго, як інфармацыя стане агульнадаступнай, кожная заяўка будзе правярацца адвакатамі.

Паводле яе, праект узнік для сілавікоў, „якія апынуліся ў рэпрэсіўнай машыне рэжыму”, але не хочуць больш у ёй функцыянаваць і гатовыя прызнаць свае злачынствы.

„Гэта дасць ім магчымасць атрымаць больш мяккі прысуд і, магчыма, поўнае вызваленне ад адказнасці ў будучыні, калі судовая сістэма адродзіцца ў новай Беларусі. Заявы ў кнігу могуць дасылаць таксама супрацоўнікі сілавых структур, якія сталі сведкамі злачынстваў, учыненых калегамі. Гэта будзе ўлічвацца пры разглядзе іхных уласных спраў”, - патлумачыла Ціханоўская.

У сваю чаргу член прэзідыума Каардынацыйнай рады Павел Латушка паведаміў, што праект кнігі рыхтуецца пад наглядам былых супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў, пракурораў, следчых, юрыстаў і праграмістаў, якія ўдзельнічаюць у працы арганізацыі ByPol.

Заява аб планаваным запуску „Адзінай кнігі рэгістрацыі злачынстваў” - не адзіны ўдар, які цягам апошняга часу беларуская апазіцыя нанесла па рэжыме Аляксандра Лукашэнкі. У нядзелю стваральнікі незалежнага канала NEXTA, які працуе ў камунікатары Тэлеграм, апублікавалі амаль 7 600 прозвішчаў супрацоўнікаў беларускіх праваахоўных органаў.

Такім чынам яны адрэагавалі на масавыя арышты, якія адбыліся падчас нядзельнага „Маршу суседзяў” і на рашэнне беларускіх уладаў аб прызнанні сайту  „экстрэмісцкім”, а яго стваральнікаў  асобамі, „якія ўдзельнічаюць у тэрарыстычнай дзейнасці”.

З пачатку паслявыбарчых пратэстаў блогеры выявілі прозвішчы каля 10 тысяч былых і цяперашніх сілавікоў.

„Мы не правяралі, хто былы супрацоўнік і хто дзейны. Каты ў службе Лукашэнкі гэтага таксама не робяць”, - падкрэсліваюць у рэдакцыі NEXTA. У сваёй заяве яны заклікалі тых, хто не ўдзельнічае ў рэпрэсіях супраць грамадства, паспрабаваць даказаць сваю невінаватасць.

Паводле дадзеных незарэгістраванага ў Беларусі Цэнтра абароны правоў чалавека  „Вясна”, па меншай меры 4 тысячы чалавек афіцыйна паскардзіліся на гвалт і катаванні з боку сілавікоў. Аднак да гэтай пары беларускі Следчы камітэт не ўзбудзіў ніводнай справы супраць супрацоўнікаў праваахоўных органаў, паведамляе Gazeta Wyborcza.

аз