Беларуская Служба

З 18 студзеня пачнецца публікацыя імёнаў дэлегатаў Нацсходу

14.01.2021 13:55
«Застацца ў цяні не атрымаецца», – гаворыць Латушка.
Аўдыё
  • З 18 студзеня пачнецца публікацыя імёнаў дэлегатаў Нацсходу
Павал ЛатушкаНАУ

З 18 студзеня прозвішчы беларусаў, якія будуць прымаць удзел у Нацыянальным сходзе, які павінен адбыцца 11-12 лютага, будуць апублікаваныя ў Адзінай кнізе рэгістрацыі злачынстваў.

Прозвішчы ўсіх дэлегатаў, якія не заявяць пра няўдзел у ім, стануць публічна вядомымі. Старшыня Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка папярэдзіў пра наступствы ўдзелу ў Нацыянальным сходзе:

-Мы не раз гаварылі, што падрыхтоўку гэтак званага сходу мы ацэньваем як падрыхтоўку да канстытуцыйнага перавароту. Вы самыя ведаеце, што зацвярджэнне вас у якасці дэлегатаў парушае Канстытуцыю і закон пра рэспубліканскія і мясцовыя сходы. Вы разумееце, што не маеце права прымаць у ім удзел і прымаць рашэнні. Даючы сваю згоду на ўдзел, вы павінны дакладна разумець, на што пагаджаецеся. Лукашэнка з ног да галавы замазаў у крымінальных справах сілавікоў, якія пагаджаліся выконваць яго злачынныя загады. Цяпер ён замажа вас, калі вы не адмовіцеся.

Час адмовіцца ёсць толькі да 10 лютага. Імёны дэлегатаў ужо ўносяцца ў Адзіную кнігу рэгістрацыі злачынстваў. На якой аснове? Павел Латушка тлумачыць, што ў дадзены момант дзеянні дэлегатаў падпадаюць пад артыкулы 190 і 424 КК, па якіх прадугледжана пакаранне ад 2 да 10 гадоў пазбаўлення волі. Спіс дэлегатаў стане агульнадаступным. «Застацца ў цяні не атрымаецца», – гаворыць Латушка.

-З 18 студзеня шукайце свае прозвішчы ў спісак АКРЗ. Адначасова з унясеннем вас у спісы мы таксама ініцыюем унясенне вас у санкцыйныя спісы. Тыя, хто ўсё ж рызыкуе і прыме ўдзел у сходзе, тым самым будзе саўдзельнікам канстытуцыйнага перавароту, дадаткова стануць падазраванымі па артыкуле 357 КК. А гэта ўжо ад 10 да 15 гадоў пазбаўлення волі. Паўтараю, часу на роздум у вас больш няма. Час прымаць рашэнні: дазволіць Лукашэнку замазаць вас у крымінальных злачынствах, ці не дазволіць з вашай дапамогай іх здзейсніць.

Як дэлегаты могуць адмовіцца ад удзелу? НАУ і ініцыятыва «Чэсныя людзі»
запусцілі бяспечную форму: https://airtable.com/shrNJSPN92dCrt9Ty для збору дадзеных аб н.зв. УНС, якая ў тым ліку дазваляе дэлегатам заявіць аб адмове ўдзельнічаць у незаконным сходзе. Тады іх прозвішчы ў спісах ЕКРП і санкцыйных спісах не з'явяцца. Заявіць аб адмове можна будзе і пасля траплення ў спісы – у гэтым выпадку яны будуць з іх выключаны.

Дырэктар цэнтра «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька глядзіць на Нацыянальны сход, як на мерапрыемства прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі. У сувязі з гэтым узнікаюць дзве асноўныя прэтэнзіі да сходу:

-Чаму палітычная сіла, далёка не самая папулярная, залазіць у кішэню ўсіх падаткаплацельшчыкаў. Мерапрыемства незарэгістраванай партыі хочуць ладзіць за кошт усіх падаткаплацельшчыкаў. І другое: чаму непапулярная палітычная сіла будзе прымаць рашэнні, якія будуць абавязковымі для мяне і мільёнаў грамадзян. Калі б не было гэтых праблем, то можна было б махнуць на іх рукой. У такой сітуацыя, паводле мяне, лепш за ўсё кіравацца не на змаганне з гэтым хуралам, а на тое, каб прапаноўваць людзям сваю альтэрнатыву.

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне пачало атрымліваць першыя сігналы аб тым, што беларусаў прымушаюць удзельнічаць у гэтак званым Усебеларускім народным сходзе.

«На ролю дэлегатаў вылучаюць незацікаўленых людзей супраць іх волі. Гэта робяць начальнікі, якіх раней саміх вылучалі на ролю дэлегатаў зверху. Яны ўсяляк аказваюць ціск на падначаленых, падстаўляючы іх, таму што выдатна разумеюць, якое пакаранне ў будучыні іх чакае», – піша Павел Латушка ў сваім тэлеграм-канале.

Ужо вядома аб двух выпадках прымусу: знакаміты ліхтаршчык з Брэста і дзіцячы хірург з Пінска заявілі, што, самі таго не ведаючы, сталі дэлегатамі.

Латушка адзначыў, што нават у такіх выпадках прозвішчы дэлегатаў будуць унесеныя ў Адзіную кнігу рэгістрацыі злачынстваў.

слухайце аўдыё

ав