Беларуская Служба

Навальны раскрыў самую вялікую таямніцу Пуціна

20.01.2021 20:04
Нягледзячы на тое, што палітык знаходзіцца за кратамі, ён усё роўна зашакаваў усю Расію і сам Крэмль.
Рэзідэнцыя Пуціна на Чорным морыpalace.navalny.com

У публікацыі, якая зашакавала ўсю Расію і не толькі, за амаль 2 гадзіны, Навальны разам са сваёй камандай раскрывае карупцыйныя схемы расійскага прэзідэнта, яго шлях да сённяшняга багацця ды людзей, якія памагалі і да сёння памагаюць яму ў стварэнні фінансавай імперыі. Галоўная тэма фільму – вялікі палац Пуціна на берагу Чорнага мора, непадалёку ад горада Геленджык у Краснадарскім краю. Але ўся гісторыя пачынаецца яшчэ ў 80-ых і 90-ых, калі Пуцін быў супрацоўнікам КДБ ды ФСБ. 90-я, пра якія ён часта кажа, што гэта быў самы трагічны перыяд у гісторыі Расіі, для яго асабіста сталі пачаткам кар’еры і падбірання супрацоўнікаў, якія сёння ўмешаны ў пуцінскія схемы.

-Пачатак 90-х у Ленінградзе. Падумайце, наколькі выдатным шпіёнам Пуцін быў у Дрэздэне, калі пасля таго, як вярнуўся з камандзіроўкі, яго накіравалі на малаперспектыўную працу ва ўніверсітэт. Там працаваў яго стары ўніверсітэцкі таварыш Нікалай Ягораў. Гэта адзін з мала вядомых, але і ключавы і давераны чалавек Пуціна. У 70-я Пуцін і Ягораў сядзелі за адной партай, сябравалі. Разам з ім звернем увагу на двух іншых аднакурснікаў і самых блізкіх сябраў таго часу – Ільгам Рагімаў і Віктар Хмарын. Тады іх аб’ядноўвала зацікаўленне барацьбой. Іх імёны варта запамятаць. У 91 годзе гэты ж Ягораў аказаў Пуціну паслугу, якая змяніла яго жыццё назаўсёды. Ён рэкамендаваў Пуціна на працу ў мэрыю Санкт-Пецярбурга ў камітэт знешніх адносінаў. Зараз вельмі смешна ўзгадваць гэтыя старонкі ў біяграфіі Пуціна. Ён любіць расказваць, як ён перажываў распад СССР. Ён асуджае 90-я, часы пры Ельцыне, дэмакратаў і ўсіх навокал называе замежнымі агентамі. А ў той жа час ён з вялікім энтузіязмам пайшоў працаваць на аднаго з галоўных дэмакратаў гэтых часоў, радыкальнага крытыка СССР Анатолія Сабчака. І вось, адбылося, чалавек, які ўсё жыццё марыў пра грошы, да гэтых грошай дарваўся. Апынуўся на пасадзе, дзе ёсць што красці, дзе даюць хабар. І тут наш Уладзімір Уладзіміравіч развярнуўся.

Гэтыя ды іншыя персанажы звязаныя з Пуціным або з дзяцінства або з часоў працы ў КДБ, сёння з’яўляюцца кіраўнікамі буйных, дзяржаўных прадпрыемстваў, ды дапамагаюць Пуціну прамываць неверагодную колькасць грошай – даведваемся з расследавання. Самай важнай кропкай з’яўляецца раскрыццё схемаў, якія стаяць за пуцінскім палацам у Краснадарскім Краю. Як аказалася, у яго там не толькі палацавы комплекс з галоўным будынкам плошчаю 17 691 квадратных метраў, чайны домік, выхад у мора, але таксама хакейнае поле. У ваколіцы Пуцін і звязаныя з ім, падстаўленыя знаёмыя, уладальнікі вінаграднікаў, віно з якіх заўсёды ў Крамлёўскім меню. Уражвае таксама мэбля і планіроўка палаца і ваколіц. Навальнаму з камандай удалося атрымаць планы комплексу і зрабіць рэканструкцыю будынку з выкарыстаннем апісанай на плане мэблі. І гэта не звычайная мэбля, а створаныя адмыслова для Пуціна італьянскія вырабы.

-Мы без праблемаў знаходзім пакой, гэта малы абедзенны зал. Расшыфроўваем указаную на планах мэблю – «Чытэрыя Атэна» – гэта супер эксклюзіўны італьянскі мэблевы дом, які прадае свае тавары толькі пад заказ. Мы папрасілі іх даслаць нам каталог. І ўсё ў ім выглядае дакладна так, як на фатаграфіях унутры палаца, якія былі злітыя ў інтэрнэт. На іншай фатаграфіі працаўнік стаіць у пакоі з арыгінальнай падлогай, шукаем яе на плане і знаходзім камплект мэблі «Пазолі». Мы просім іх даслаць каталог і аказваецца, што камода на фатаграфіі супадае з той з каталогу. У нас была з гэтым смешная гісторыя, калі мы папрасілі даслаць нам фота 20-30 штук мебелі, яны запыталіся ці гэта не мы заказвалі дакладна такі набор у рэзідэнцыю на Чорным моры. Мы сказалі, што так, гэта мы. Гэтыя заводы вырабляюць адзінкавую супер эксклюзіўную мэблю і гадамі памятаюць усіх сваіх кліентаў. І кошт адпаведны. Скураная канапа 2 мільёны расійскіх рублёў, туалетны столік таксама 2 мільёны, у калідорах канапы па 1,5 мільёна. Або яшчэ класны стол з барам за 4 мільёны карупцыйных рублёў.

І тут Навальны запрашае нас паглядзець інтэр’ер палаца з падрабязным тлумачэннем, што дзе знаходзіцца. Пасля таго, як мы паглядзім пышны чытальны зал, басейн ды казіно, падыходзіць час разгледзець пуцінскія вінаграднікі, якіх у наваколлі некалькі і, аказваецца, яны з’яўляюцца буйнейшай адмывальняй грошай ва ўсёй схеме Пуціна. На іх грошы складваюць усе сябры, знаёмыя, родзічы прэзідэнта Расіі. Разгляд поўнай схемы, таго, хто каму і за што плаціць займае амаль 30 хвілін роліка. У справу ўвязаны і буйныя дзяржкампаніі, і афшорныя гіганты і прыватныя фонды людзей блізкіх да Пуціна. У схемах і любоўніцы прэзідэнта. Агулам, складваецца ўражанне, што тут кожны кожнаму штосьці павінен, а ўсё гэта ахоўваюць расійскія спецслужбы, якія пастаянна манітораць рэзідэнцыю і не дазваляюць нікому набліжацца да яе, ні з паветра, ні з мора, ні з сушы.

-Вялікі расійскі пісьменнік калісьці вельмі дакладна апісаў палітычны лад у Расіі: «сабраліся злачынцы, аграбіўшыя народ, набралі салдатаў, суддзяў, каб забяспечыць іх оргію і балююць». Гэта геніяльная фраза і зараз яна на 100% апісвае тое, што адбываецца ў нас у краіне. Злачынцы аграбілі народ, набралі суддзяў, росгвардыю, ФСБ, каб абараняць свае палацы, а самі сядзяць і гуляюць у прыватных казіно ў акружэнні жонак, каханак ды дзяцей. І яны ніколі не сыдуць ад улады.

Такім акцэнтам кончыцца відэа-расследаванне Навальнага па карупцыі Пуціна. Прэзідэнта Расіі ён не раз у фільме называе «самым багатым чалавекам у свеце». Ну і ў выніку, Навальны разам з камандай, прызывае ўсіх людзей, хто паглядзеў гэты ролік, каб у суботу 23 студзеня а 14 гадзіне, яны выйшлі на вуліцы, мітынгаваць і пратэставаць супраць злачынстваў уладаў і карупцыі ў вышэйшых палітычных сферах Расіі. Выглядае на тое, што, цытуючы Аляксандра Лукашэнку, бліжэйшыя выходныя будуць «очэнь інцерэснымі».​​

Альберт Ежы Вяжбіцкі