Беларуская Служба

Польскі друк: Уладзімір Макей можа заняць месца Лукашэнкі

26.02.2021 19:51
«Масква зацікаўленая ў тым, каб крызіс у Беларусі вырашыўся як мага хутчэй, бо восенню ў нас пройдуць парламенцкія выбары, таму абстаноўка павінна быць спакойнай».
Уладзімір МакейАўтар: Nina Zambrano Díaz/Cancillería del Ecuador, CC BY-SA 2.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=33499427

Масква націскае на беларускага дыктатара, каб ён пайшоў па шляху Барыса Ельцына, добраахвотна пакінуў пасаду і вызначыў свайго наступніка, чытаем на старонках газеты Rzeczpospolita. Штодзённае выданне паведамляе, што крыніцы, звязаныя з Крамлём, працягваюць распускаць інфармацыю нібыта пра тое, што неўзабаве Лукашэнка адправіць у адстаўку ўрад і вызначыць новага прэм’ер-міністра, які пазней зойме яго месца. Акрамя таго, з’явілася інфармацыя пра продаж найважнейшых прамысловым прадпрыемстваў у Беларусі, якія маюць трапіць у рукі расійскага капіталу. Каментатара зазначаюць, што калі б разглядалася кандыдатура палітыка, які б меў заняць месца Лукашэнкі, то ім мог бы быць міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

Тэма транзіту ўлады ў Беларусі разглядалася на сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі ў Сочы ў панядзелак, неафіцыйна паведамляюць паінфармаваныя крыніцы. Палітыкі размаўлялі ажно шэсць гадзін. Прычым пасля сустрэчы не паведамлялася, пра што ішла гаворка. Больш за тое, на наступны дзень Пуцін і Лукашэнка яшчэ сазваніліся і размаўлялі па тэлефоне. У тое, што Лукашэнка добраахвотна аддасць уладу, нават свайму чалавеку, не верыць дарадчык Святланы Ціханоўскай па міжнародных пытаннях Франак Вячорка. «Лукашэнка не той, хто можа быць у дзяржаве чалавекам нумар тры альбо два. Ён ніколі на гэта не згодзіцца і дабравольна ўлады не аддасць», – сказаў польскай газеце Вячорка.
Вясной у Беларусі можа пачацца чарговая хваля пратэстаў. Гэтага баіцца не толькі рэжым у Мінску, але і Крэмль.

«Масква зацікаўленая ў тым, каб крызіс у Беларусі вырашыўся як мага хутчэй, бо восенню ў нас пройдуць парламенцкія выбары, таму абстаноўка павінна быць спакойнай», – кажа палітолаг, выкладчык Вышэйшай школы эканомікі Андрэй Суздальцаў. Паводле яго, з Сочы Лукашэнка выехаў з нічым. Палітолаг лічыць, што калі вясной беларусы выйдуць на вуліцы, то гэта можа стаць чарговым крызісным момантам у адносінах паміж Крамлём і Захадам, што расійскаму кіраўніцтву вельмі не на руку. «Лукашэнка множыць праблемы Масквы», – гаворыць Суздальцаў.

Калі ж казаць пра прыватызацыю, то СМІ паведамляюць пра тое, што Расія зацікаўленая, у прыватнасці, МАЗам, «Нафтанам» і Беларускай чыгункай. З іншага боку прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў можа стаць пачаткам канца дыктатара, бо ён разумее, што калі стратэгічныя кампаніі трапяць у рукі Масквы, то Крэмль з ім цацкацца перастане, паведамляе газета Rzeczpospolita.

вс