Беларуская Служба

Міністр нацыянальнай абароны Польшчы: «Неабходна быць гатовым да эскалацыі з боку Беларусі»

10.09.2021 12:39
На польска-беларускай мяжы рэжым Лукашэнкі штучна стварыў міграцыйны крызіс.
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/PublicDomainPictures

У выданні Polska. Times.pl вялікае інтэрв’ю з міністрам нацыянальнай абароны Польшчы Марыюшам Блашчакам. Гаворка ідзе, між іншым, пра сітуацыю на польска-беларускай мяжы, дзе рэжымам Лукашэнкі штучна створаны міграцыйны крызіс – кожны дзень яе спрабуюць перайсці нелегальна дзясяткі, а нават сотні мігрантаў.

Па словах Блашчака, у такой сітуацыі неабходна было ўвесці надзвычайнае становішча ў памежнай зоне. Аднак нельга забываць, што могуць здарыцца яшчэ больш небяспечныя правакацыі, гібрыдная агрэсія. У бліжэйшым часе тэмпература напружання не ўпадзе, неабходна быць гатовым да эскалацыі з боку Беларусі. Таму было прынята рашэнне выслаць на мяжу каля 2 тыс. салдат і збудаваць агароджу, – нагадвае Блашчак.

Лукашэнка аб’явіў Еўрапейскаму Саюзу гібрыдную вайну. Ці ёсць канкрэтныя метады барацьбы з такой агрэсіяй? «Крокі рэжыму шматвектарныя. Гэта і спробы выклікаць хаос, пасварыць людзей, псіхалагічны прэсінг, запужванне заходніх грамадстваў і стварэнне ілюзіі вялікай магутнасці ўласнай арміі. Нашы службы да гэтага падрыхтаваныя, яны дзейнічаюць прафесійна, – адзначае міністр. – Расіяне і беларусы інтэнсіўна праводзяць дзеянні пад парогам канфлікту, яны ўмеюць рыхтаваць шкодную дэзынфармацыю, фэйкньюсы і правакацыю. Вельмі важная ў такім выпадку свядомасць грамадства, каб людзі самі ўмелі адрозніць праўду ад маніпуляцыі. Тады аперацыя за нашай усходняй мяжой не прынясе такой вялікай шкоды, як магла б», – кажа міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак.

Polska. Times.pl/нг