Беларуская Служба

Польска-беларускую мяжу спрабуюць незаконна перасячы нават кубінцы

17.09.2021 10:14
На дадзены момант мяжу паміж Польшчай і Беларуссю ахоўваюць больш за 2 тысячы памежнікаў і столькі ж жаўнераў.
- .
Польска-беларуская мяжа.Autorstwa Beentree - Praca własna, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=4467391

«Польская дзяржава зрабіла неабходныя і адэкватныя крокі для ўшчыльнення польска-беларускай мяжы», – пераконваў у чацвер у Сейме намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Мацей Вонсік. Пра сітуацыю на польска-беларускай мяжы і дзеянні, якія былі прыняты ў сувязі з павелічэннем колькасці мігрантаў, пыталіся дэпутаты ад кіроўнай партыі «Права і справядлівасць», нагадвае dziennik.pl.

Намеснік кіраўніка польскага МУС падкрэсліў, што на польска-беларускай мяжы маем справу з арганізаванай аперацыяй беларуская боку. Ён таксама прывёў дадзеныя, якія ілюструюць маштаб праблемы. Паводле іх, у студзені не было ніякіх спробаў незаконнага перасячэння польска -беларускай мяжы, у лютым – адна, у сакавіку – дзве, у красавіку – 61, у траўні – дзевяць, у чэрвені – 77, у ліпені – 242, а ў жніўні – 3,5 тысячы. У сваю чаргу ў бягучым месяцы, то бок да 12 верасня былі зафіксаваныя 2 226 спробаў нелегальнага перасячэння мяжы з Беларусі.

Віцэ-міністр Вонсік, нагадаў, што Польшча і Беларусь заключылі дамову аб рэадмісіі, гэта значыць, што мігранты, якія незаконна перасякаюць мяжу з Беларусі, павінны быць прынятыя згаданай краінай назад. «У канцы чэрвеня беларускі бок пачаў працэдуру скасавання гэтага пагаднення», – сказаў Вонсік.

Ён дадаў, што асноўнай мэтай дзеянняў польскай Памежнай службы, якую падтрымліваюць вайскоўцы і паліцыя, з’яўляецца ўшчыльненне мяжы.

«Аднак з 1 студзеня па 12 верасня бягучага года Памежная служба затрымала 1 481 мігранта, які незаконна перабраўся на тэрыторыю Польшчы», – сказаў міністр. Палова з затрыманых нелегалаў – грамадзяне Ірака, але ёсць таксама грамадзяне Сірыі, Афганістана, Расіі, Самалі, Таджыкістана, Ірана, а таксама Егіпта і нават Кубы.

На дадзены момант мяжу паміж Польшчай і Беларуссю ахоўваюць больш за 2 тысячы памежнікаў і столькі ж жаўнераў. «Мы можам павялічыць колькасць жаўнераў у любы час», – адзначыў Вонсік.

Ён нагадаў, што да гэтай пары на выбраных адрэзках мяжы з Беларуссю было наладжана 113 кіламетраў агароджы з калючага дроту і больш за 57 кіламетраў 2,5-метровага плота, якія істотна перашкаджаюць у нелегальным перасячэнні мяжы. Віцэ-міністр таксама нагадаў, што Польшча, як і іншыя краіны, якія пацярпелі ад «гібрыднай атакі з боку Беларусі», увяла надзвычайнае становішча.

Віцэ-міністр падкрэсліў, што на тэхнічнае забеспячэнне ўсходняй мяжы з бюджэту дзяржавы будуць выдзеленыя дадатковыя сродкі. Гаворка ідзе пра сучасныя прылады маніторынгу, якія павінны з'явіцца на ўсходняй мяжы яшчэ ў бягучым годзе.

Мацей Вонсік таксама пацвердзіў, што польскі канвой з гуманітарнай дапамогай канчаткова быў упушчаны на тэрыторыю Беларусі. У сваю чаргу Памежная служба паведамляе, што мігрантаў, якія застаюцца ў памежнай зоне непадалёк Уснажа Гурнага, «кормяць, даглядаюць і лечаць з беларускага боку».

Паводле палітыка, калі б не неадказная дзейнасць некаторых польскіх парламентароў, якая прыцягнула ўвагу СМІ, гэтая складаная сітуацыя даўно скончылася б.

Ён нагадаў, што «гэтыя людзі добраахвотна прыехалі ў Беларусь на падставе турыстычных візаў». Таму яны маюць права заставацца ў Беларусі, але перасячы мяжу з Польшчай права не маюць.

аз