Беларуская Служба

Расiя спрабуе пераканаць Польшчу адмовіцца ад энергетычнай незалежнасці

24.09.2021 10:03
«Агрэсіўная ў адносінах да Захаду расійская прапаганда – спосаб маскіроўкі паразаў Крамля», – лічыць прэс-сакратар каардынатара польскіх спецслужбаў.
- -     .
Прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў у Польшчы Станіслаў Жарын.Polskie Radio 24

Энергетычная палітыка – адна са сфер інфармацыйнай вайны, якую праводзяць Расія і Беларусь. Расія спрабуе пераканаць Польшчу адмовіцца ад незалежнасці ад паставак расійскай сыравіны, лічыць прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў у Польшчы Станіслаў Жарын, а ягоныя словы цытуе старонка tvp.info.

«Мэта Крамля – прымусіць Польшчу адмовіцца ад імкненняў да незалежнасці ад Расіі і ўмацаваць расійскую дамінацыю ў рэгіёне», – лічыць Жарын. Паводле яго, менавіта з гэтай мэтай праводзяцца атакі на польскія праекты, накіраваныя на дыверсіфікацыю паставак сыравіны ў Польшчу і энергетычнае супрацоўніцтва Польшчы з ЗША і Літвой.

«Расія спрабуе выцесніць амерыканскія інтарэсы з Еўропы(…). Расійская прапаганда таксама выкарыстоўвае маніпуляцыю і хлусню для прасоўвання ўласных энергетычных інтарэсаў і інвестыцый», – адзначыў Станіслаў Жарын.

Паводле яго, будаўніцтва беларуска-расійскай АЭС у Астраўцы - гэта «нагода весці інфармацыйную вайну з Польшчай і рэалізаваць прапагандысцкую стратэгію».

«Прапаганда Масквы і Мінска прасоўвае гэты праект як прарыўны для энергетычнай сітуацыі ў Цэнтральнай Еўропе. Расійскія СМІ звярталі ўвагу на хуткі тэмп работ, сучасныя тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца ў будаўніцтве, і паведамлялі пра новыя магчымасці, якія адкрываюцца для Беларусі. Такія тэзісы яны таксама спрабавалі «экспартаваць» у польскую публічную дыскусію», – адзначыў эксперт.

Ён нагадаў пра каментары, паводле якіх запуск электрастанцыі ў Астраўцы падрывае сэнс будаўніцтва польскай АЭС, таму што «больш выгадна імпартаваць энергію з Беларусi».

Тым часам сігналы, якія паступаюць з Беларусі, сведчаць пра тое, што сітуацыя электрастанцыі вельмі дрэнная. «Усяго за некалькі месяцаў працы на электрастанцыі ў Астраўцы адбылося некалькі сур'ёзных збояў. Больш за два месяцы праца ўсяе АЭС была прыпыненая з-за яшчэ адной, на гэты раз сурʼёзнай аварыі», – падкрэслівае Жарын. Ён дадаў, што на Астравецкай АЭС не хапае спецыялістаў, а маральны дух работнікаў падае з-за адсутнасці адказнага кіравання аб'ектам.

Электрастанцыі пагражае параза, а гэта даказвае, што Беларусь і Расія не змаглі давесці да поспеху ўсяго праекта АЭС. Прапагандысцкая дзейнасць сутыкалася з рэальнасцю, дыскрэдытуючы ўвесь праект, лічыць Жарын.

Параза беларускай АЭС, паводле эксперта, сведчыць таксама пра падзенне эфектыўнасці расійскай дзяржавы нават у такіх ключавых для Расійскай Федэрацыі сферах, як энергетыка і ваенная мадэрнізацыя.

«Усё больш агрэсіўная, у адносінах да Захаду расійская прапаганда – адзін са спосабаў маскіроўкі няўдач Крамля», – рэзюмуе прэс-сакратар каардынатара польскіх спецслужбаў Станіслаў Жарын.

аз