Беларуская Служба

«Усе дыктатуры рана ці позна сканчаюцца»

01.12.2021 17:33
У гэтым плане за межамі Беларусі інтэнсіўна працуюць два дэмакратычныя апазіцыйныя цэнтры.  
Аўдыё
  • Беларусы, нязгодныя мірыцца з дыктатарскім рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, ужо больш за год на міжнароднай арэне вядуць супраць яго кампанію.
Беларускі пікет каля Пасольства РБ у Варшавеradyjo.net/Я.Смялоўская

Беларусы, нязгодныя мірыцца з дыктатарскім рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, ужо больш за год на міжнароднай арэне вядуць супраць яго кампанію. У гэтым плане за межамі Беларусі інтэнсіўна працуюць два дэмакратычныя апазіцыйныя цэнтры: Офіс Святланы Ціханоўнай і Народнае антыкрызіснае кіраванне на чале з Паўлам Латушкам. Фактычна абраны прэзідэнт Беларусі на выбарах у жніўні 2020 года Святлана Ціханоўская за год правяла сустрэчы з найважнейшымі палітыкамі ў Еўропе і ЗША. Яна прадстаўляе беларускі народ  на форумах, на якія Лукашэнку ніколі нават не запрашалі. Аднак дыктатар ні за што не гатовы саступіць і ніякага дыялогу з апазіцяй, якая за мяжой, ён не думае весці. Аб гэтым казаў ён сам у інтэрв'ю  журналісту BBC, потым гэта яшчэ раз пацвердзіла яго прэс-сакратар Наталля Эйсмант. 

Як сітуацыю ацэньваюць дэмакратычныя беларускія колы мы запыталі ў юрыста Народнага антыкрызіснага кіравання Арцёма Праскаловіча.

Як доўга не прыйшлося бы змагацца, мы будзем гэта рабіць, таму што ўсе дыктатарскія рэжымы і так паміраюць. Гэта можа быць год, гэта можа быць 10 гадоў, але гэты шлях трэба пачынаць і ісці па ім. Не трэба далёка хадзіць, мы бачым на прыкладзе Польшчы – дзесяткі гадоў яны змагаліся за гэта і прыйшлі да станоўчага выніку. На жаль, гэта цяжкі шлях, у якім могуць быць ахвяры. У руках беларусаў унутры Беларусі, у руках беларусаў за межамі Беларусі і ў руках нашых сяброў у еўрапейскім рэгіёне і ў ЗША магчымасць скараціць гэты шлях і зменшыць колькасць гэтых ахвяр, якія могуць узнікнуць на шляху да свабоды і перамогі беларускага народу.

Демакратычныя сілы працягваюць таксама заклікаць работнікаў з дзяржаўнага апарату перайсці на бок народу. Так, як сярод многіх, зрабіў Анатоль Котаў, былы дыпламат у пасольствам Беларусі ў Варшаве.

-Яшчэ пяць гадоў назад я знаходзіўся па іншым баку гэтага плота і працаваў у гэтай амбасадзе, але зараз я разам з вамі. Я лічу, што кожны павінен зрабіць свой выбар. Зараз рэжым Лукашэнкі робіць тое, што і робіць, на жаль, рукамі кожнага чыноўніка, рукамі кожнага сілавіка, нехта «проста» выдаў візы мігрантам, якія едуць у Беларусь з мэтай нелегальна прайсці мяжу ЕС, нехта фальсіфікуе статыстыку кавід і забівае беларускіх грамадзян у Беларусі, выконваючы акт генацыду беларускага народу, нехта «проста» даносіць на сваіх суседзяў – гэта такія дробныя рэчы, вынікам якіх з'яўляюцца ахвяры беларусаў.

Прадстаўнік старой беларускай апазіцыі, палітык Вячаслаў Сіўчык, папярэджвае чыноўнікаў рэжыму аб тым, што іх будзе чакаць.

-Я ўсё ж такі спадзяюся, што да гэтых людзей, што ў амбасадзе дойдзе, што іхны лёс вельмі трывожны, бо Лукашэнка і Пуцін маюць КДБ-эшны генезіс. Зараз, вось гэтая пуцінска-лукашэнкаўская банда вярнула ў Беларусь сталінскія часы і можна паглядзець, што тады было з савецкімі дыпламатамі. Гэтым людзям, якія сёння сядзяць у амбасадзе таксама трэба рыхтаваць «трывожны чамаданчык», як гэта рабілі дыпламаты сталінскіх часоў.

А тым часам сёння ў Брусэлі амбасадары краін-членаў ЕС прынялі чарговыя санкцыі супраць Беларусі, якія ахопліваюць фізічных і юрыдычных асоб, адказных за міграцыйны крызіс. Санкцыі яшчэ павінны быць афіцыйна зацверджаныя на ўзроўні Рады ЕС. Верагодна, гэта адбудзецца ў чацвер.

 Яс