Беларуская Служба

Чатыры дні суду па «справе змоўшчыкаў»: ніякага рэальнага перавароту не рыхтавалася

04.08.2022 13:36
Працэс над актывістамі апазіцыі сведчыць пра тое, што агучаны Лукашэнкам «захоп улады» быў зум канферэнцыя па абмеркаванні розных сцэнароў развіцця падзей у Беларусі ва ўмовах масавых пратэстаў пасля сфальсіфікаваных выбараў.
Аўдыё
  • Эксперты пра працэс "змоўшчыкаў"
Ілюстрацыйны здымакScreenshot Youtube

У Мінску з пачатку жніўня пачаўся разгляд «справы аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады». На лаве падсудных апынуліся палітзняволеныя літаратуразнаўца Аляксандар Фядута, кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, супрацоўніца мінскага офісу Зянковіча Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойшчык Дзяніс Краўчук, а таксама юрыст Юры Зянковіч. Яны ўтрымліваюцца за кратамі больш за 15 месяцаў. Судовы працэс у адкрытым рэжыме вядзе суддзя Уладзімір Арэшка. На судзе зачыталі ўсім абвінавачванні. Фядута прызнаў віну часткова, а Кастусёў і Зянковіч — не прызналі, Краўчук і Галубовіч — прызналі віну цалкам.

Фядута заявіў, што не прызнае сябе вінаватым «перш за ўсё па абцяжарваючых абставінах — што злачынства было здзейснена з нізінных памкненняў». «Я таксама не згодны з тым, што ў змоўшчыкаў былі размеркаваныя ролі і функцыі, а таксама што былі нейкія калегіяльныя рашэнні, таму што ніякага галасавання не вялося», — сказаў ён.

Юрыст Юры Зянковіч не выказаўся, ці прызнае віну, але з матэрыялаў справы стала вядома пра яго пагадненне са следствам. У судзе дзяржаўны абвінаваўца абвясціў інфармацыю аб тым, што Зянковіч напісаў хадайніцтва і заключыў пагадненне са следствам. Умовы здзелкі пакуль застаюцца невядомымі.

На судзе дапыталі таксама  палітзняволенага Дзяніса Краўчука, які па гэтай справы праходзіць як удзельнік пратэстаў 2020 года. Ён прызнаў віну цалкам. У судзе было зачытана чыстасардэчнае прызнанне, якое Краўчук пісаў у КДБ. У ім ён паведамляе, што перадаваў і хаваў у схованках грошы ад Юрыя Зянковіча, лічачы, што яны пойдуць для дапамогі пратэстоўцам. Краўчук заявіў, што не ўдзельнічаў у змове, хоць і не быў згодны з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў.

З агучанага бачна, што ніякай рэальнай падрыхтоўкі да арганізацыі перавароту ў Беларусі не вялося, кажа палітолаг Павал Усаў.

- Гэтая змова з самага пачатку быў штучна сфабрыкаваная. Сам факт таго, што некалькі людзей абмяркоўвалі тэарэтычныя захады па захопу ўлады праз зум у перыяд шырокай кампаніі па зачыстцы палітычнай прасторы ў Беларусі, сведчыць пра недалёкасць тых людзей, якія заняліся гэтым пытаннем. Насамрэч яны не займаліся падрыхтоўка да дзяржаўнага перавароту. Дзеля гэтага ў іх не было ані сродкаў, ані інструментаў, ані магчымасцяў. Такі рэсурс маюць толькі вайскоўцы, яны з такімі б людзьмі ад апазіцыі не размаўлялі. Тут няма ані аўтарытэту, ані ўплыву. Тым больш ехаць у Маскву на размову – гэта дзяцінства. Адзіная асоба, якая там выпадковая – гэта Кастусёў. Яго прыцягнулі, каб прадэманстраваць удзел у гэтай тэатральнай пастаноўцы нацыяналістаў у якасці ідэалагічнай абгорткі змовы.   

Наадварот працэс больш паказвае жаданне сілавікоў выслужыцца, кажа палітолаг Зміцер Міцкевіч.

- Гэта паказуха для Лукашэнкі, правакацыя, якую ладзіць клан сілавікоў. Маўляў мы раскрылі вялікую змову, давайце нам узнагароды, зорачкі ды пасады. Пасля падзей 2020 года мы бачым, што  канкурэнцыя паміж карнікамі Лукашэнкі ўзмацнілася. Яны ўвесь час імкнуцца прыдумаць нейкія новыя справы, максімальна выслужыцца, паказаць сваю патрэбнасць. Адсюль і адкрытасць працэсу, дэманстрацыя сваёй карыснасці.  

Гэты працэс вядзецца пад унутрыпалітычныя патрэбы Лукашэнкі. Гэта піраміда падману, мэта якой прамываць мазгі насельніцтву, кажа палітолаг Павал Усаў.

- Усё гэта выглядае як трацкісцка-зіноўеўскі загавор у часы сталінскіх рэпрэсій. Амерыканскі след будзе актыўна выкарыстоўвацца для ўнутранай прапаганды, як і для расійскай дэзінфармацыі. Дадзены працэс проста з’яўляецца пірамідай падману, мэта якой маніпуляваць насельніцтвам. Адсюль і публічнасць. Усе рэальныя працэсы, дзе людзі ўдзельнічалі ў палітычных дзеяннях былі засакрэчаныя. Гэта і справа Калеснікаваў, Статкевіча, Севярнца, Ціханоўскага. Тут жа на запыт Фядуры працэс робяць адкрытым. Гэта робяць улады, якія пастаянна падманваюць. Мы маем дачыненне з паўторам сталінскіх працэсаў, каб воля да супраціву абвінавачаных была зламаная.    

Гучныя заявы Лукашэнкі пра арганізацыю замаху на яго ды яго сям’ю аказаліся тэатральнай пастаноўкай, калі КДБ выкарыстала ці справакавала факт тэарытычных размоў экспертаў пра магчымыя сцэнары развіцця сітуацыі ў Беларусі. Суд не дэманструе доказаў арганізацыі перавароту, хутчэй вядзецца, каб дыскрэдытаваць апазіцыю.

Юры Ліхтаровіч